Дом По́лякаў — помнік грамадзянскай архітэктуры эклектычнага кірунку ў Мінску. Месціцца па адрасе вуліца Мяснікова, 76. Помнік грамадзянскай архітэктуры эклектычнага кірунку. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.
Будынак збудаваны ў 1903 годзе на тагачаснай Новамаскоўскай вуліцы (цяпер Мяснікова) як даходны дом. Уласнасць Веніяміна і Перлы Полякаў, а неўзабаве дом перайшоў ва ўласнасць Яўрэйскага цэнтральнага дабрачыннага таварыства[1]. З 1904 годзе ў будынку месціцца 7-е жаночае вучылішча (двухкласнае з трэцім рукадзельным класам) і 5-е аднакласнае прыходскае вучылішча. Пазней у ім месцілася 3-е жаночае габрэйскае вучылішча[2].
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да 1939 года ў доме жыў беларускі пісьменнік Янка Маўр. Пісьменніку з сям’ёй належалі тры пакоі з агульнай кухняй на трэцім мансардным паверсе. На першым і другім паверсе месцілася сярэдняя школа № 31[3].
Пасля Другой сусветнай вайны будынак перапланіраваны пад жылы дом, у ім жылі супрацоўнікі Інстытута замежных моў[2].
У 1990 годзе пачалася рэстаўрацыя будынка, якая скончылася ў 1998 годзе, былі прыбудаваныя 2 паверхі[2]. Падчас рамонту з дома знялі гістарычную ляпніну, што выклікала вялікі скандал. Зрабілі новую ляпніну, але няякасна, яна не адпавядала праекту цалкам. Яе наляпілі на фасад проста на фарбу, без адмысловых мацаванняў — анкераў. З тых часоў ляпны дэкор быў пашкоджаны ў часе замацавання падсвятлення на будынак. Праржавеў і дэкаратыўны цыбулепадобны элемент пад балконам[4].
Увесну 2019 года камісія, якая абследавала галоўны фасад, выявіла праблему з ляпным дэкорам і вырашыла часова прыпыніць капітальны рамонт галоўнага фасада. Ляпны дэкор будзе амаль цалкам заменены, для чаго «Белрэстаўрацыя» зняла злепкі. Новая ляпніна будзе наноў мацавацца на будынак на спецыяльныя растворы і анкеры. Акрамя таго будзе выканана тое, што не было выканана паводле праекта 1990-х гадоў[4].
Першапачаткова двухпавярховы, а цяпер чатырохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Яго цэнтральная частка вылучалася мезанінам з лучковым атыкавым франтонам, трайным акном і балконам з ажурнай агароджай чыгуннага ліцця. Фасады члянёны двума карнізнымі паясамі і плоскімі пілястрамі з іанічнымі капітэлямі. Вокны першага паверха прамавугольныя, другога — паўцыркульныя, аздобленыя ліштвамі. На другім паверсе сіметрычна размешчаны 2 невялікія балконы[5].