Дзіванна цёмна-чырвоная[3], Дзіва́нна фіялетавая[4] (Verbascum phoeniceum) — від кветкавых раслін з роду Дзіванна (Verbascum) сямейства Залознікавыя (Scrophulariaceae)[5].
Сцябло вышынёй 30—100 см, з яркімі буйнымі кветкамі, сабранымі ў падоўжаную гронку. Сцябло і доўгія кветаножкі тонкія і афарбаваныя ў цёмна-фіялетавы колер. Кветкі пафарбаваны ў чырвона-фіялетавы колер розных адценняў. Вяночак амаль правільны, 5-пялёсткавы, да 25 мм у шырыню. Тычынак 5. Сцябловае лісце нешматлікае, дробнае, сядзячае, ланцэтападобнае, прыкаранёвае — сабрана ў разетку, даўгавата-яйкападобнае, чарашковае, вяліказубчастае па краі. Сцябло простае, уверсе залозіста-валасістае[6].
Цвіценне пачынаецца ў другой палове мая і працягваецца да ліпеня. Адна расліна квітнее 10—15 дзён. Пялёсткі раскрываюцца раніцай і ўвечары. Толькі ў пахмурнае надвор’е кветкі раскрыты ўвесь дзень. На ніжнім, самым вялікім, пялёстку часта, нібы раса, блішчаць кропелькі вадкасці — нектар. Моцнае, разгалінаванае карэнішча пранікае ў глебу да 1 м глыбіні. Сцябло з’яўляецца толькі праз некалькі гадоў пасля пачатку развіцця расліны, а да таго гэты мнагалетнік знаходзіцца ў стадыі разеткі[7].
Від распаўсюджаны ў Цэнтральнай, Паўднёвай і Усходняй Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Заходняй і Сярэдняй Азіі. Арэал распасціраецца ад Аўстрыі да Паўднёва-Заходняга Кітая.
Ва Украіне звычайны від у стэпавай зоне, на астатняй тэрыторыі сустракаецца радзей. У Карпатах адсутнічае.