У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Семянкевіч. Дзмітрый Ігаравіч Семянкевіч (нар. 1961) — беларускі архітэктар.
Скончыў у 1983 годзе БПІ. Працаваў у праектным інстытуце «Белжылпраект», у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. У 1996—2011 гадах намеснік дырэктара па інфарматыцы і навуковых даследаванням НПРУП «БелНДІПгорадабудаўніцтва». Адначасова з 1996 па 2010 выкладаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
З 2011 года намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. 17 мая 2019 года вызвалены ад пасады ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта[1].
З’яўляецца членам Беларускага Саюза Архiтэктараў, дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі БНТУ.
Асноўныя працы (у якасці кіраўніка): дзяржаўная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь (2000, 2007), схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Гродзенскай і Віцебскай абласцей (2003), Тэрытарыяльная комплексная схема планавання і горадабудаўнічага развіцця тэрыторый Калінінградскай вобласці (2000), Генеральны план развіцця прыморскай зоны Калінінградскай вобласці (2002), генеральныя планы сельскагаспадарчага развіцця мікракамун Ата Педрэгаль, Лас Пакас і Ла Педрэра ў Венесуэле (2007—2010), дэталёвыя планы горадабудаўнічага развіцця гарадоў-спадарожнікаў Барынас і Тэхерыес у Венесуэле (2007—2010).
Аўтар навуковых прац і публікацый: навучальны дапаможнік «Эканоміка рэгіёна» (у сааўт., 2002); «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 г.» (у сааўт., 2004); навучальны дапаможнік «Горадабудаўніцтва і рэгіянальная планіроўка» (2005); «Тэрытарыяльнае планаванне ў Рэспубліцы Беларусь» (у сааўт., 2007). Potentials of the East-Baltic States, Russia and Belarus. Raumplanung und — entwicklung in der Ostseeregion. Heft; The Baltic Sea Region Yesterday, Today and Tomorrow — Main Spatial Trends/Hanell, Bengs, Bjarnadóttir, Platz & Spiekermann, 2000. 218 p. ISSN 1403—2511 Nordregio WP 2000:10 (у сааўт.) і інш.
Праведзены даследаванні і распрацаваны асноўныя кірункі дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі Рэспублікі Беларусь(2007); тэхнічны кодэкс «Склад, змест і парадак распрацоўкі схем комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі абласцей, груп раёнаў раёнаў» (2006).