wd wp Пошук:

Дзеці Аліндаркі

«Дзеці Аліндаркі» — раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, выдадзены ў 2014 годзе ў выдавецтве Галіяфы.

Перадгісторыя

Альгерд Бахарэвіч напачатку 2007 года пакінуў родную краіну, дзе, як ён згадвае, жыць было небяспечна і задушліва. А ў 2013 вярнуўся, дзякуючы каханню. У 2014 напісаў раман «Дзеці Аліндаркі».

Першым імпульсам да таго, каб узяцца за працу, стала нататка, як недзе ў невялікім райцэнтрыку чыноўніца ад адукацыі параіла бацькам тэрмінова звярнуцца да лагапеда, паколькі заўважыла моцны беларускі акцэнт у дзіцяці. Пісьменнік канстатаваў, што «заўсёды ведаў, адкуль уцёк і куды вярнуўся»[1].

У працэсе напісання раман меў працоўную назву «Канцлягер Сонейка»[2].

Назва

Назва кнігі адсылае да паэмы Францішка Багушэвіча «Кепска будзе», да яе галоўнага героя Аліндаркі. Метафара «Дзяцей Аліндаркі» ўзятая з эсэ Бахарэвіча «Бог ня роўна delete» (цыкл «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча»). У эсэ Мацей Бурачок перадае спалоханаму Аліндарку дудку і той пачынае на ёй граць. Сам момант перадачы гэтай дудкі — ці то беларускай традыцыі — і з’яўляецца штуршком, які пераходзіць у раман. Але адрозніваецца сама свядомасьць рэцыпіентаў. Калі Аліндарка ў эсэ глядзіць на дудку неўразумела і паводзіць сябе з Бурачком пасіўна, то дзеці Аліндаркі — самі гаспадары свайго лёсу, актыўныя суб’екты дзеяння. І нават тыя казачныя прыгоды, у якія яны трапляюць, паўсталі ўласна з сітуацыі выбару, які здзяйсняецца імі самастойна[3].

Сюжэт

Беларускія нацыяналісты загуляліся ў Мову і Гісторыю. Яны не хочуць прымаць рэчаіснасці, у якой ніякай Мовы няма, а пануе адзін непахісны Язык. Больш за тое: валоданне Мовай лічыцца псіхічным і фізіялагічным адхіленнем — наступствамі пухліны пад языком, якую можна купіраваць у раннім дзяцінстве. У бацькоў, якія таемна вучаць малых размаўляць па-беларуску, спецыяльныя службы забіраюць дзяцей, высылаючы іх у папраўчыя піянерлагеры, дзе на дзяржаўныя гранты праводзіць свае эксперыменты доктар-самавук. Адзін з бацькоў выкрадае сына і дачку з папраўчага лагера і праз сваю нядбаласць пакідае адных у цёмным лесе. Далей мы бачым рэчаіснасць пераважна праз прызму карціны свету хлопчыка і дзяўчынкі, у якіх на вуснах перамяшаліся Мова ды Язык, а таксама тыя ідэалагемы, якія з дапамогай гэтых малаткоў забілі ў іх галовы дарослыя.

Кампазіцыя рамана сабраная вакол цэнтральнай лініі, у якасці якой Альгерд Бахарэвіч узяў кананічны сюжэт з казкі братоў Грым «Гензель і Грэтэль». Гэтая фабула выкарыстоўваецца для таго, каб зноў падняць тэму беларускай гістарычнай траўмы — экспансіі моўнага імперыялізму, суіснуе з карыкатурным афіцыйным патрыятызмам і іранічна апісаным нацыяналізмам.

Героі

Пераклады

У 2018 годзе ў Францыі ў незалежным выдавецтве Le Ver à soie раман выйшаў у перакладзе на французскую мову. Гэта першы ў гісторыі раман, перакладзены на французскую непасрэдна з беларускай мовы. Перакладчыцай выступіла Алена Лапатнёва, рэдактаркай — Віржыні Шыманец, заснавальніца выдавецтва[4].

У 2020 годзе раман «Дзеці Аліндаркі» выйшаў у англійскім перакладзе (а таксама на скотс) у Вялікабрытаніі, у выдавецтве Scotland Street Press у перакладзе Джыма Дынглі і Петры Рэйд[5].

Узнагароды

Зноскі

  1. web.facebook.com/alhierd.bacharevic
  2. Альгерд Бахарэвіч: “У мяне ці не ўпершыню атрымалася цалкам чытэльная кніжка” (нявызн.), Будзьма беларусамі! (16 кастрычніка 2014).
  3. З надзеяй трапіць на мапу (нявызн.), Радыё Свабода (27 лютага 2015).
  4. Як «Дзеці Аліндаркі» загаварылі па-француску (нявызн.), Радыё Свабода (17 лістапада 2018).
  5. web.facebook.com/alhierd.bacharevic
  6. Вынікі прэміі Кніга году 2015 (нявызн.) .
  7. Уручаная прэмія Гедройца 2015 (нявызн.), Беларускі ПЭН-цэнтр (1 чэрвеня 2015).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Творы Альгерда Бахарэвіча
Кнігі 2014 года
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Кнігі паводле алфавіта
Раманы на беларускай мове