У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кампі.
Джуліа Кампі (іт. Giulio Campi; 1502, Крэмона — 1572, Крэмона) — італьянскі мастак.
Нарадзіўся ў Крэмоне ў 1502 годзе. Джуліа Кампі быў старэйшым сынам мастака Галеаца Кампі. Першыя ўрокі атрымаў ад бацькі. У 1522 годзе ён паступіў у майстэрню Джуліа Рамана ў Мантуі, дзе, акрамя жывапісу, вывучаў таксама скульптуру і архітэктурнае майстэрства. Наведаў Рым. У некаторых працах ён супрацоўнічаў з Каміла Бакачына, сынам Бакача Бакачына, у якога Кампі, магчыма, таксама навучаўся. Яго браты Вінчэнца Кампі і Антоніа Кампі таксама сталі вядомымі мастакамі.
Найбольш вядомай яго працай з’яўляецца алтарная выява сабора Сан-Абандыа ў Крэмоне (1527), дзе Кампі аднавіў выяву Дзевы Марыі з двума святымі рыцарамі Цэльса і Назара. Карціна гэта выканана ў стылі венецыянскай школы жывапісу. Вядомыя таксама фрэскі пэндзля Джуліа Кампі ў крэмонскім саборы Санта-Маргарыта.