wd wp Пошук:

Джавані Марыя Бернардоні

Джавані (Ян) Марыя Бернардоні (італ.: Giovanni Maria Bernardoni; каля 1541, Канья каля Кома, цяпер Італія19 кастрычніка 1605, Кракаў) — італьянскі архітэктар, прадстаўнік стылю ранняга барока, езуіт.

Паходзіў Дж. Бернардоні з поўначы Італіi. Ва ўзросце 23 гадоў з’явіўся ў Рыме з мэтай уступіць у ордэн езуітаў i стаць архітэктарам. З яго слоў, да гэтага 10 гадоў працаваў мулярам. Адразу пасля прыняцця ў ордэн Дж. Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — рымскай царквы Іль-Джэзу і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—71, напр., яго пасылалі на некалькі месяцаў у Мілан для прыспешвання працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан-Фідэле.

У Рыме Дж. Бернардоні заставаўся да канца 1571. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Фларэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан-Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі ордэна езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дома для навіцыяту. Аднак па розных прычынах кіраўніцтва ордэна адмовілася ад далейшых работ у гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі размяркоўваць па іншых месцах.

Ад 1573 на працягу чатырох гадоў Дж. Бернардоні знаходзіцца ў правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Неапалі, а таксама ў горадзе Леча царквы Джэзу і Марыі і дома езуітаў-прафесаў. З 1575 нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалітанскай правінцыі даручылі Дж. Бернардоні.

У 1577 прызначэны ў Сардзінію (праектаў Дж. Бернардоні для Сардзініі не захавалася).

Далей яго чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую. Па дарозе ў Нясвіж Дж. Бернардоні затрымаўся ў Польшчы на 3 гады (1583—86): пабыў некаторы час у Познані, даўжэй у Любліне з кароткім выездам у Каліш. Ва ўсіх гэтых месцах ён праектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Тут Дж. Бернардоні выканаў некалькі варыянтаў праекта калегіума і дома прафесаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касцёла ў Любліне.

Касцёл Божага Цела, Нясвіж

Пасля шматразовых напамінкаў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) ў сярэдзіне 1586 Дж. Бернардоні з’явіўся ў Нясвіжы і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кіраваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіума. Праца вялася хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 годзе, у наступным закладзены фундамент, а ў 1590 — ужо можна было ўзводзіць купал. 1 верасня 1593 ў гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела, але ўжо без архітэктара. Кіраўніцтва будоўляй калегіума Дж. Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586—88, потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касцёле, а з 1593 да 1599 зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 Дж. Бернардоні паслаў запыт да генерала ордэна па новае прызначэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах, але дакументальных спасылак на гэта няма.[4]

Касцёл у Кальварыі Зэбжыдоўскай

У маі 1599 Дж. Бернардоні з’явіўся ў Кракаве каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла. Будаўніцтва касцёла Пятра і Паўла ў асноўным было завершана ў 1608 годзе, ужо пасля яго смерці. Акрамя працы пры касцёле ў Кракаве Дж. Бернардоні падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазней быў значна перабудаваны, парафіяльны касцёл існуе дагэтуль.

У 1984 беларускім даследчыкам Г. Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. Вернадскага (Кіеў) адкрыты зборнік архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі. Некаторыя спецыялісты (Г. Галенчанка, Т. Габрусь) даводзяць, што большая частка арыгінальных чарцяжоў у ім выканана самім Дж. Бернардоні.[5]

Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Дж. Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, апублікаванай у 1613.[4]

Зноскі

  1. 1 2 Bania Z. Allgemeines Künstlerlexikon: Die Bildenden Künstler aller Zeiten und Völker / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy, W. TegethoffK. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, E. A. Seemann. Праверана 19 жніўня 2017.
  2. Lepiarczyk J. BERNARDONI, Giovanni Maria, detto Bernardone // Dizionario Biografico degli Italiani — 1967. — Vol. 9. Праверана 30 лістапада 2018.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #12155953X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. 1 2 Калнін В. Зорны шлях…
  5. Габрусь Т., Галенчанка Г. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў правінцыі Кома
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1541 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кома
Катэгорыя·Памерлі 20 лістапада
Катэгорыя·Памерлі ў 1605 годзе
Катэгорыя·Архітэктары Італіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Памерлі 19 кастрычніка
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Архітэктары Кракава
Катэгорыя·Пахаваныя ў Кракаве
Катэгорыя·Езуіты
Катэгорыя·Памерлі ў Кракаве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Архітэктары Вільнюса
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра архітэктараў без месца працы
Катэгорыя·Архітэктары Беларусі
Катэгорыя·Асобы