wd wp Пошук:

Джавана Гарцоні

Джавана Гарцоні (італ.: Giovanna Garzoni; 1600, Аскалі-Пічэна — 1670, Рым) — італьянская мастачка эпохі барока.

Біяграфія

Нарадзілася ў гарадку Аскалі-Пічэна, рэгіён Марке. Дата нараджэння — 1600 год — выводзіцца з аўтографа на малюнку 1616 года, дзе пазначана, што аўтару 16 гадоў[4]. Бацькі Джаваны родам з Венецыі; сярод сям’і былі рамеснікі, ювеліры і мастакі[4][5]. Магчыма, першым настаўнікам дзяўчыны быў яе дзядзька П’етра Гайя (італ.: Pietro Gaia), які належаў да школы Джакама Пальма Малодшага[6]. У ранніх творах Джаваны адчуваецца ўплыў гэтага мастака.

У 1620-х гадах Джавана жыла ў Венецыі з братам Матэа і наведвала школу каліграфіі Джакама Роньі (італ.: Giacomo Rogni)[4]. У 1622 годзе выйшла замуж за венецыянскага мастака Тыберыа Цінеллі. Аднак шлюб працягваўся толькі год, магчыма, прычынай разводу паслужыў дадзены Джаванай зарок цноты[5][6].

У 1630 годзе Джавана разам з братам пераехала ў Неапаль, дзе працуе пад заступніцтвам Фернанда Афан дэ Рыбера і Энрикеса, трэцяга герцага дэ Алькала-дэ-лас-Гасулес[4]. Тым жа часам яна знаёміцца і пачынае ліставанне з калекцыянерам, мецэнатам і эрудытам Касіяна даль Паца, які дапамагае маладой мастачцы знайсці заказы ў Рыме, куды Джавана пераехала ў 1631 годзе.

Віктар Амадэй I, герцаг савойскі (мініяцюра), 1635
Крысціна Французская, герцагіня савойская, 1635

Аднак у Рыме мастачы была непрацяглы час, у 1632 годзе перасялілася ў Турын, па запрашэнні Крысціны Французскай, герцагіні савойскай[4]. Пры двары піша ў асноўным партрэты і мініяцюры, у тым ліку самай герцагіні і герцага Віктара Амадэя I. Захаваліся таксама сведчанні пра яе «піргаміны з выявамі кветак, садавіны і жывёл»[5]; да турынскага перыяду належыць найраннейшы з цяпер вядомых нацюрмортаў Гарцоні[4].

У 1637 годзе памірае герцаг, заступнік Джаваны, яна пакідае Турын. Пра жыццё Гарцоні ў 1637—1642 гадах вядома вельмі мала; думаюць, што ў тыя гады мастачка наведала Францыю, магчыма, і Англію[5][4]. Творы французскіх, англійскіх і галандскіх мастакоў, бачаныя ў падарожжы, уплылі на яе пазнейшы стыль.

У 1640-х гадах Джавана пераехала ва Фларэнцыю, дзе жыла да 1651 года. Тут яе заказчыкамі былі фларэнтыйскія арыстакраты, у тым ліку Медычы. Сярод яе твораў — партрэты, мініяцюры, карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты, кампазіцыі з кветак і садавіны, батанічныя замалёўкі, а таксама копіі карцін вядомых мастакоў[5]. У Фларэнцыі Гарцоні пазнаёмілася з творчасцю Якопа Лігоццы[en], аўтара шматлікіх замалёвак флоры і фауны, зробленых на заказ Медычы, заступнікаў навукі. Напэўна, творы гэтага майстра натхнілі Гарцоні на стварэнне ўласных твораў падобнага стылю[7].

У 1651 годзе Гарцоні — ужо прызнаны мастак — пераехала ў Рым. У яе не было нястачы ні заказаў, ні грошай, адзін з біёграфаў сцвярджаў нават, што яна магла папрасіць за свае творы «кожную цану, якую пажадае»[7][8]. Напэўна, тым час яна стала членам рымскай гільдыі мастакоў, Акадэміі Святога Лукі, хоць не захавалася дакументаў, якія пацвярджаюць яе членства, вядома, што Гарцоні наведвала паседжанні Акадэміі[4].

Джавана Гарцоні памерла ў Рыме паміж 10 і 15 лютага 1670 года. Яшчэ ў 1666 годзе яна запісала ўсю сваю маёмасць Акадэміі св. Лукі, пры ўмове свайго пахавання ў яе царкве Святых Лукі і Марціны[en][5]. Умову выканалі, але надмагілле з’явілася толькі ў 1698 годзе.

Творчасць

Нацюрморт з міскай лімонаў (тэмпера, піргамін), 1640
Кітайская ваза з цюльпанамі і іншымі кветкамі, каля 1641—1652

Джавана Гарцоні вядома, найперш, нацюрмортамі і батанічнымі замалёўкамі. Яна была адной з першых жанчын, працавалых у гэтым жанры[7]. Яе творы, створаныя пераважна гуашшу ці тэмперай на піргаміне, дзівяць дбайнай прапрацоўкай дэталяў і тонкасцю штрыха[7][6].

У 1650-х гадах Гарцоні выяўляе шматлікія вазы з кветкамі, дэманструючы выдатнае пачуццё кампазіцыі. Відавочна таксама, што мастачка добра знаёма з марфалогіяй кветк, усе яе творы вылучаюцца абсалютнай натуралістычнай дакладнасцю[4].

У 1660-я гады, на заказ Фердынанда II Медычы, Гарцоні стварае каля дваццаці мініяцюр, якія паказваюць блюды з садавінай і гароднінай. Нягледзячы на пэўную аднастайнасць шматкроць паўтаранага матыву, Гарцоні здолела разнастаіць свае творы, уносячы ў кампазіцыі дадатковыя элементы — кветкі, птушак, насякомых. Апроч гэтага, віртуознасць мастачкі выяўляецца ў майстэрскім ужыванні святлаценю і іншых эфектаў[4].

Характэрная рыса многіх работ Гарцоні — своеасаблівае спалучэнне батанічнай замалёўкі, для якой важная найперш дакладнасць і дэталёвасць малюнка, з уласна жывапіснымі прыёмамі[4][8]. Гэтым яе творчасць адрозніваецца ад натуралістычных замалёвак Лігоццы, з якім яе нярэдка параўноўваюць, але таксама і ад большасці мастакоў — аўтараў нацюрмортаў, для якіх навуковая дакладнасць намаляваных аб’ектаў была другаснай.

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 Міжнародны ідэнтыфікатар стандартных найменняў — 2012. Праверана 13 кастрычніка 2015.
  2. Giovanna Garzoni — 2008.
  3. Giovanna Garzoni
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 Treccani
  5. 1 2 3 4 5 6 Trkulja, 2008
  6. 1 2 3 Enciclopedia delle donne
  7. 1 2 3 4 Getty Museum
  8. 1 2 CLARA

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Мастакі Італіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1600 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў Рыме
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жанчыны-мастакі
Катэгорыя·Мастакі барока
Катэгорыя·Нарадзіліся ў правінцыі Асколі-Пічэна
Катэгорыя·Мастакі XVII стагоддзя
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1670 годзе