Гісталогія (ад грэч. Ίστίομ — тканка і грэч. Λόγος — веды, слова, навука) — раздзел біялогіі, які вывучае будову тканак жывых арганізмаў. Звычайна гэта робіцца рассяканнем тканак на тонкія пласты і з дапамогай мікратома. У адрозненне ад анатоміі гісталогія вывучае будову арганізма на тканкавым узроўні.
Гісталогія чалавека — раздзел медыцыны, які вывучае будову тканак чалавека.
Гістапаталогія — профіль мікраскапічнага вывучэння пашкоджанай тканкі, з’яўляецца важным інструментам патамарфалогіі (паталагічная анатомія), бо дакладны дыягназ рака і іншых захворванняў звычайна патрабуе гістапаталагічнага даследавання узораў тканак.
Гісталогія судова-медыцынская — раздзел судовай медыцыны, які вывучае асаблівасці пашкоджанняў на тканкавым узроўні.
Гісталагічнае даследаванне тканак пачынаецца з хірургіі, біяпсіі або аўтапсія .
Гісталогія зарадзілася задоўга да вынаходніцтва мікраскопа. Першыя апісанні тканак сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, Галена, Авіцэны, Везалія. У 1665 годзе Р. Гук увёў паняцце клеткі і назіраў у мікраскоп клеткавую будову некаторых тканак. Гісталагічныя даследаванні праводзілі Мальпігі, А. Левенгук, Сваммердам, Н. Гру і інш. Новы этап развіцця навукі звязаны з імёнамі К. Вольфа і К. Бэра — заснавальнікаў эмбрыялогіі.
Тэрмін «гісталогія» ўвёў нямецкі анатам К. Маер у 1819 годзе.
У XIX стагоддзі гісталогія была паўнапраўнай акадэмічнай дысцыплінай. У сярэдзіне XIX стагоддзя А. Келікер , Лейдынг і іншыя стварылі асновы сучаснага вучэння аб тканках. Р. Вірхоў паклаў пачатак развіццю клеткавай і тканкавай паталогіі. Адкрыцці ў цыталогіі і стварэнне клеткавай тэорыі стымулявалі развіццё гісталогіі. Вялікі ўплыў на развіццё навукі аказалі працы І. І. Мечнікава і Л. Пастэра, якія сфармулявалі асноўныя ўяўленні аб імуннай сістэме.
Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі і медыцыне ў 1906 годзе прысудзілі двум гісталогам, Каміла Гольджы і Сант’яга Рамон-і-Кахалю. Яны мелі ўзаемна-супрацьлеглыя погляды на нервовую структуру галаўнога мозгу ў розных разглядах аднолькавых здымкаў.
У XX стагоддзі працягвалася ўдасканаленне метадалогіі, што прывяло да фармавання гісталогіі ў яе цяперашнім выглядзе. Сучасная гісталогія цесна звязана з цыталогіяй, эмбрыялогіяй, медыцынай і іншымі навукамі. Гісталогія распрацоўвае такія пытанні, як заканамернасці развіцця і дыферэнцыявання клетак і тканак, адаптацыі на клеткавым і тканкавым узроўнях, праблемы рэгенерацыі тканак і органаў і інш. Дасягненні паталагічнай гісталогіі шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дазволілі зразумець механізм развіцця хвароб і прапанаваць спосабы іх лячэння.
Метады даследавання ў гісталогіі ўключаюць падрыхтоўку гісталагічных прэпаратаў з наступным іх вывучэннем з дапамогай светлавога або электроннага мікраскопа. Гісталагічныя прэпараты ўяўляюць сабой мазкі, адбіткі органаў, тонкія зрэзы кавалачкаў органаў, магчыма, афарбаваныя адмысловым фарбавальнікам, змешчаныя на прадметнае шкло мікраскопа, залучаныя ў кансервуючае асяроддзе і пакрытыя покрыўным шклом.
Пасля збору матэрыялу яго падрыхтоўваюць да даследавання, што ўключае шэраг этапаў.