Гя́лванай[1] (літ.: Gelvonai, традыцыйная беларуская назва — Гелваны) — мястэчка ў Шырвінтаскім раёне Вільнюскага павета Літвы. Цэнтр Гялванайскай сянюніі. Размешчана за 16 км на захад ад Шырвінтаса. Насельніцтва на 2011 год — 284 чалавекі.
Першы пісьмовы ўcпамін пра Гелваны (ням.: Gelwen) у крыжацкім апісанні дарог Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1385 годам. У гэты час яны ўвайшлі ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства. У 1642 годзе ў Гелванах быў пабудаваны пратэстанцкі збор, у 1686 годзе — касцёл, пры якім існаваў кляштар францысканцаў.
У XVIII стагоддзі Гелваны знаходзіліся ў валоданні Жабаў, таму часам мястэчка называлі Жабавам. 22 жніўня 1744 года кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Гелванам прывілей на кірмашы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Гелваны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні.
На 1866 год у Гелванах было 30 будынкаў.
Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе Гелваны апынуліся ў складзе Літвы. У часы Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да 1944 года мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.