wd wp Пошук:

Гэлтахт

Афіцыйныя гэлтахты Ірландыі

Гэлтахт (ірл. Gaeltacht) — ірландская назва для рэгіёнаў, у якіх большая частка насельніцтва захоўвае ірландскую гэльскую мову (Gaeilge) ў паўсядзённых зносінах. Гэлтахты не з’яўляюцца адміністрацыйнымі адзінкамі Ірландыі, але іх статус вызначаны заканадаўча, і ўрад улічвае паказчыкі па гэлтахтах у сваіх справаздачах. Гэлтахты знаходзяцца пераважна на захадзе краіны.

У Шатландыі таксама існуюць гэлтахты (шатл. гэл. Gàidhealtachd), так могуць называцца высакагорныя раёны на поўначы, а таксама Гебрыдскія астравы, дзе захоўваецца шатландская гэльская мова. Гэлтахты ў Шатландыі адрозніваюцца ад ірландскіх тым, што іх статус юрыдычна не замацаваны.

Гісторыя

Змяншэнне колькасці насельніцтва Ірландыі ў 1841—1851гг

У 1541 Генрых VIII прыняў тытул караля Ірландыі, што стала пачаткам актыўнай англійскай каланізацыі вострава, да гэтага часу амаль усё насельніцтва Ірландыі было ірландскамоўным. Прыгнёт з боку англічан, рэлігійны пераслед прывялі ў 1598 да паўстання сярод ірландцаў, якое было задушана. У 1641—1652 гг. адбылося новае народнае паўстанне супраць англічан, якое было задушана Кромвелем з надзвычайнай жорсткасцю. У 1689—1690 гг. ірландцы зноў паўсталі пад сцягам звергнутага англійскага караля Якава II, але прайгралі. Вынікам удзелу ірландцаў у паўстаннях сталіся канфіскацыі маёмасці, якія прывялі да таго, што амаль уся зямельная ўласнасць на востраве перайшла ў рукі англічан, ірландцы ж зрабіліся амаль выключна арандатарамі, працоўнымі і сялянамі.

Распаўсюджанасць ірландскай мовы ў 1871 годзе

Моўная сітуацыя пачынае мяняцца ў выніку таго, што ўся ўлада ў Ірландыі засяродзілася ў руках англічан. Англійская мова стала мовай ўрада і гандлю, у той час як ірландская заставалася мовай простых людзей і стала асацыявацца з беднасцю і сацыяльнымі праблемамі.

У выніку канцэнтрацыі ўлады ў руках англічан, страты земляў і таго, што ірландская мова паступова набывала непрэстыжны сацыяльны статус, доля ірландскамоўных скарацілася з амаль 100 % у пачатку XVI ст. да 45 % у сярэдзіне XVIII ст. і да 30 % перад пачаткам Вялікага голаду (1845—1849 гг.), які прывёў да звышвысокай смяротнасці і эміграцыі ў ірландскамоўных рэгіёнах. Насельніцтва гэтых рэгіёнаў скарацілася ў 40-х гадах XIX ст. на 20 — 30 %, а доля ірландскамоўных у 1861 годзе ўпала да 24 %.

Нягледзячы на тое, што ў 1900 годзе ірландская мова ўводзіцца ў якасці факультатыўнага прадмета, пачынаюць з’яўляцца ірландскамоўныя СМІ, перапіс, які адбыўся ў 1911 зафіксаваў памяншэнне колькасці асоб, якія валодалі ірландскай. Так, у правінцыі Конахт працэнт такіх асоб паменшыўся з 44,6 % ў 1881 годзе да 31,9 %, у правінцыі Манстэр з 33,5 % у 1881 да 20,4 %. Увогуле, у Ірландыі (без Ольстэра) да 1926 году колькасць ірландскамоўных скарацілася да 18 %. Найлепш ірландская мова захоўвалася ў аддаленых заходніх раёнах Ірландыі, асабліва на астравах.

Узнікненне і развіццё гэлтахтаў

Пасля абвяшчэння фармальнай незалежнасці Ірландыі ў 1922 годзе (Ірландская Свабодная дзяржава) пачалося вызначэнне межаў: ставілася за мэту удакладніць тыя вобласці, дзе насельніцтва яшчэ размаўляла на ірландскай, і правесці выразныя межы паміж гэтымі рэгіёнамі і рэгіёнамі, якія ўжо перайшлі на англійскую. Ірландскамоўныя вобласці падзяляліся на так званыя рэальныя гэлтахты (ірл. fíor-Ghaeltachtaí), і рэгіёны, дзе па-ірландску размаўляла меншасць — змешаныя гэлтахты (ірл. breac-Ghaeltachtaí).

Афіцыйныя гэлтахты ў 1926 годзе
Афіцыйныя гэлтахты ў 1956годзе

Справаздача першай Камісіі па гэлтахтах (ірл. Coimisiún na Gaeltachta) з’явіўся ў 1926 годзе. Згодна з ім гэлтахтамі прапаноўвалася аб’явіць ўсе раёны, дзе на ірландскай мове размаўляе больш за 25 % насельніцтва. У выніку ў Свабодным дзяржаве былі створаны гэлтахты ў 15 з 26 графстваў. У гэты час у Паўночнай Ірландыі ўрад адмоўна ставіўся да ірландскай мовы, і не прымаў ніякіх мер па яе падтрыманні і развіцці.

Другая камісія была створана ў пачатку 1950-х гадоў. Яна рэкамендавала перагледзець межы гэлтахтаў і выключыць з іх ліку шэраг раёнаў, дзе ірландская мова знікла або яе пазіцыі значна аслабелі. У выніку былі вызначаныя межы гэлтахтаў ў сямі графствах (Данегол, Голуэй, Майо, Керы, Корк і Уотэрфорд), якія з тых часоў зведалі толькі нязначныя змены: былі дададзеныя раёны Клахана і Брэнана (у Керы), частка Заходняга Мускеры (Корк) і Бале-Гіб і Рах-Карнь ў графстве Міт.

Трэцяя камісія у сваёй справаздачы прапанавала падзяліць гэлтахты на тры катэгорыі ў залежнасці ад становішча ірландскага мовы і засяродзіць намаганні ўрада на тым, каб падтрымліваць яго ў першую чаргу ў раёнах класа А, дзе мова мае найбольш моцныя пазіцыі, аднак урад адпрэчыў гэтую ідэю.

Геаграфія гэлтахтаў

Тэрыторыі сучасных гэлтахтаў гістарычна пацярпелі ад масавай эміграцыі. Развіццё гэтых тэрыторый стрымлівалася размяшчэннем на краі выспы, а таксама непладароднымі глебамі, што не дазваляла займацца сельскай гаспадаркай.

У наступнай табліцы пералічаныя гэлтахты, у якіх прынамсі 40 % насельніцтва размаўляе на ірландскай мове штодня. Некаторыя вобласці могуць складацца з некалькі вёсак, напрыклад, вобласць Аран складаецца з трох астравоў: Інішмор, Інішмаан і Інішыр.

Графства Англійская назва Ірландская назва Насельніцтва Колькасць ірландскамоўных
ДанеголAltnapeasteAlt na Péiste18855 %
AnnagryAnagaire223555 %
ArranmoreÁrainn Mhór52962 %
CrovehyCró Beithe16153 %
CloghanAn Clochán51441 %
Bloody ForelandCnoc Fola132683 %
DunleweyDún Lúiche69576 %
FalcarraghAn Fál Carrach216844 %
FintownBaile na Finne31657 %
GortahorkGort a' Choirce159981 %
GraffyAn Ghrafaidh20952 %
GweedoreGaoth Dobhair265177 %
TeelinTeileann72641 %
МайоAughleamEachléim92146 %
CarrowteigeCeathrú Thaidhg35664 %
FinnyFionnaithe24844 %
ГолуэйAran IslandsOileáin Árann122579 %
BothúnaBothúna96374 %
CamusCamus36790 %
CarnaCarna79881 %
CarraroeAn Cheathrú Rua229483 %
CornamonaCorr na Móna57345 %
FurboNa Forbacha123943 %
DerryrushDoire Iorrais31376 %
GlentrasnaGleann Trasna12261 %
InverinIndreabhán136283 %
KilkieranCill Chiaráin61987 %
LettermoreLeitir Móir87584 %
LettermullenLeitir Mealláin128889 %
RossavealRos an Mhíl130484 %
RosmucRos Muc55787 %
SpiddalAn Spidéal135766 %
КерыBallyferriterBaile an Fheirtéaraigh45577 %
Ballynagall/BallydavidBaile na nGall50875 %
BrandonCé Bhréannain16848 %
KinardCinn Aird31845 %
CloghaneAn Clochán27346 %
DunquinDún Chaoin15972 %
FeohanaghFeothanach46278 %
GlinNa Gleannta149644 %
MarhinMárthain27656 %
MinardAn Mhin Aird38753 %
VentryCeann Trá41359 %
КоркBallingearyBéal Átha an Ghaorthaidh54246 %
BallyvourneyBaile Bhuirne81642 %
Cape Clear IslandOileán Chléire12541 %
CooleaCúil Aodha42053 %
УотэрфордRingAn Rinn117651 %
МітRathcarneRáth Cairn40156 %
Ірландскамоўная шыльда, графства Голуэй

Гэлтахт графства Голуэй і Гэлтахт горада Голуэй

Гэлтахт графства Голуэй (ірл.: Gaeltacht Chontae na Gaillimhe) і Гэлтахт горада Голуэй (ірл.: Gaeltacht Chathair na Gaillimhe) аб’ядноўваюць 48907 чалавек, што складае 47 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахтаў. Абодва гэлтахты ахопліваюць геаграфічную зону ў 1225 кв. км. (473 кв. міль), што адпавядае 26 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі. Большасць ірландскамоўных размешчана ў рэгіёне Конемара. У горадзе Голуэй знаходзіцца ірландскамоўны тэатр Taibhdhearc na Gaillimhe.

Гэлтахт графства Данегол

Ірландскамоўныя шыльды, Данглоў, графства Данегол

Гэлтахт графства Данегол альбо Гэлтахт Цірканел (ірл.: Gaeltacht [Chontae] Dhún na nGall альбо Gaeltacht Thír Chonaill) мае насельніцтва 24744 чалавек (перапіс 2011 г.), што складае 25 % насельніцтва гэлтахтаў. Гэлтахт графства Данегол ахоплівае геаграфічны раён 1502 км кв. (580 кв. міль). Гэта складае 26 % плошчы гэлтахтаў Ірландыі. Тры акругі Na Rosa, Gaoth Dobhair і Cloch Cheannfhaola складаюць галоўны цэнтр насельніцтва гэлтахта графства Данегол. У гэлтахце пражывае больш чым 17132 ірландскамоўных, з іх 14500 у абласцях, дзе на ірландскай размаўляе 30-100 % насельніцтва і 2500 у абласцях, дзе на ірландскай размаўляе за 30 %. Гэлтахт графства Данегол ўяўляе цікавасць для студэнтаў з Паўночнай Ірландыі, якія вывучаюць ольстэрскі дыялект. Дыялект гэлтахта графства Данегол мае шмат агульных рыс з шатландскай гэльскай мовай, якія не відавочныя ў іншых ірландскіх дыялектах.

Гэлтахт графства Керы

Гэлтахт графства Керы (ірл.: Gaeltacht [Chontae] Chiarraí) складаецца з дзвюх частак — Gaeltacht Corca Dhuibhne (паўвостраў Дынгл) і Uíbh Ráthach (паўвостраў Айвераг). У гэлтахце жыве 8729 чалавек (з іх 6185 ірландскамоўных), што складае 9 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахтаў. Гэлтахт графства Керы ахоплівае геаграфічную зону 642 кв. км. (248 кв. міль), што складае 9 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі.

Гэлтахт графства Корк

Гэлтахт графства Корк (ірл.: Gaeltacht [Chontae] Chorcaí) складаецца з дзвюх частак — Múscraí і Oilean Chléire. Múscraí Gaeltacht з насельніцтвам 3895 чалавек (2951 ірландскамоўных) і складае 4 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахта графства Корк. Гэлтахт ахоплівае геаграфічную зону 262 квадратных кіламетраў (101 квадратную мілю). Гэта складае 6 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі. Найбольш буйнымі населенымі пунктамі Múscraí з’яўляюцца вёскі Baile Mhic Íre, Baile Bhuirne і Béal Átha an Ghaorthaidh.

Гэлтахт графства Майо

Гэлтахт графства Майо (ірл.: Gaeltacht [Chontae] Mhaigh Ео) па стане на 2011 мае агульнае насельніцтва ў 10886 чалавек, што складае 11,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахтаў. Гэлтахт графства Майо ахоплівае геаграфічную зону 905 кв. км. (349 кв. міль), што складае 19 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі. Гэлтахт ўключае ў сябе тры розныя тэрыторыі — Iorrais, Acaill і Tuar Mhic Éadaigh. Галоўным горадам з’яўляецца Béal an Mhuirthead. У гэлтахце ёсць 6667 ірландскамоўных, з іх 4000 жыве ў раёнах, дзе на гэтай мове размаўляе 30-100 % насельніцтва і 2500 жывуць у раёнах, дзе на ёй размаўляюць менш за 30 %.

Надпіс пры ўездзе ў гэлтахт

Гэлтахт графства Міт

Гэлтахт графства Міт (ірл.: Gaeltacht [Chontae] na Mí) з’яўляецца самым маленькім з гэлтахтаў і складаецца з дзвюх вёсак: Ráth Cairn і Baile Ghib. Асноўны гарадскі цэнтр у рэгіёне — Наван з насельніцтвам больш за 20 тысяч чалавек, які знаходзіцца у 8 км (5 міль) ад Baile Ghib. Насельніцтва гэлтахта складае 1771 чалавек — гэта 2 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахтаў. Гэлтахт графства Міт ахоплівае геаграфічную зону 44 кв. км. (17 кв. міль), што складае 1 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі.

Гісторыя гэлтахта графства Міт адрозніваецца ад іншых ірландскамоўных рэгіёнаў краіны. Вёскі Baile Ghib і Ráth Cairn з’яўляюцца абшчынамі перасяленцаў. Вёска Ráth Cairn была заснаваная ў 1935 годзе, калі 41 сям’я з Заходняга Голуэя пасяліліся на землях, раней набытых ірландскай зямельнай камісіяй. Кожны атрымаў 9 га (22 акраў) на ферму. Вёска Baile Ghib (раней Gibbstown) утварылася такім жа чынам у 1937 годзе, разам з Baile Ailin (раней Allenstown). Але ў першыя ж гады значная частка людзей вярнулася ў Голуэй альбо эмігравала, але ірландскамоўных засталося дастаткова для таго, каб Baile Ghib і Ráth Cairn атрымалі статус гэлтахта ў 1967 годзе. Першапачатковая мэта па распаўсюджванні ірландскай мовы не мела поспеху, і каланістам прыйшлося стаць двухмоўнымі.

Гэлтахт графства Уотэрфорд

Гэлтахт графства Уотэрфорд (ірл.: Gaeltacht [Chontae] Phort Láirge, Gaeltacht na nDéise) знаходзіцца ў дзесяці кіламетрах на захад ад Дангарвана. Гэлтахт уключае прыходы Rinn Ua gCuanach і An Sean Phobal, дзе пражывае 1784 чалавек (з іх 1271 ірландскамоўныя), што складае 2 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэлтахтаў. Гэлтахт графства Уотэрфорд ахоплівае геаграфічную зону ў 62 кв. км. (24 кв.міль), што адпавядае 1 % ад агульнай плошчы гэлтахтаў Ірландыі.

Упраўленне гэлтахтамі. СМІ ў гэлтахтах

Дэпартамент па справах супольнасці, сельскіх справах і справах гэлтахтаў (англ. The Department of Community, Rural and Gaeltacht Affairs) пад кіраўніцтвам міністра адказвае за агульную палітыку ўрада Ірландыі адносна гэлтахтаў і кантралюе працу Údarás na Gaeltachta і іншых органаў . Радыёстанцыя RTÉ Raidió na Gaeltachta абслугоўвае гэлтахты і ірландскамоўных увогуле. TG4 — тэлевізійная станцыя, якая арыентавана на садзейнічанне ірландскай мове і знаходзіцца ў графстве Голуэй.

Гэлтахты катэгорыі А ў 2007 годзе

Сацыялінгвістычнай сітуацыя ў гэлтахтах

Да пачатку 70-х гадоў XX ст. ірландская была мовай большасці ў 30 % суполак гэлтахтаў, у той час як у 25 % амаль цалкам пераважала ангельская. У астатніх (45 %) двухмоўных суполках назіраўся паступовы пераход да ангельскай. Сучасная моўная сітуацыя ў гэлтахтах таксама адрозніваецца. Па выніках перапісу 2002 года вылучаюцца розныя катэгорыі гэлтахтаў, у залежнасці ад узроўню распаўсюджвання ірландскай.

Гэлтахты катэгорыі A - тэрыторыі, дзе больш за 67 % ад агульнай колькасці насельніцтва старэй за 3 гады размаўляюць на ірландскай штодня. Гэтыя рэгіёны маюць адносна стабільны ўзровень выкарыстання ірландскага мовы, асабліва ў сярэдніх і старэйшых узроставых групах. Паводле перапісу 2002 года, насельніцтва такіх гэлтахтаў склала 20944 чалавек (24,2 % ад усіх гэлтахтаў). З іх штодня карыстаюцца ірландскай 17147 чалавек (81,8 %). Праўда, без уліку людзей, якія штодня размаўляюць па-ірландску ў навучальных установах, гэты працэнт значна ніжэй. Так, найбольш ірландскамоўным рэгіёнам з’яўляюцца астравы Ceantar na nOileán, якія знаходзяцца ў графстве Голуэй. 92,2 % насельніцтва гэтых астравоў размаўляюць па-ірландску штодня, але па-за сістэмай адукацыі гэты паказчык складае толькі 62,9 %. Большасць гэлтахтаў гэтай групы размешчаныя ў графстве Голуэй правінцыі Конахт і графстве Донегол правінцыі Ольстэр. Моцныя пазіцыі мае ірландская мова і на паўвостраве Дынгл, які знаходзіцца ў графстве Кэры правінцыі Манстэр.

Гэлтахты катэгорыі B - рэгіёны, дзе на ірландскай размаўляе 44-66 % насельніцтва. У такіх гэлтахтах, нягледзячы на перавагу ангельскай, ірландская выконвае некаторыя камунікатыўныя функцыі, аднак яе выкарыстанне абмежавана пэўнымі ўзроставымі групамі або ўстановамі. Гэтыя гэлтахты знаходзяцца пераважна на поўначы Ірландыі ў графстве Данегол.

Гэлтахты катэгорыі С  — рэгіёны, дзе менш за 44 % насельніцтва штодня размаўляе па-ірландску. Ірландская мова выкарыстоўваецца вельмі абмежавана, прычым высокі ўзровень валодання ірландскай назіраецца сярод насельніцтва школьнага ўзросту. Да гэтай катэгорыі адносіцца большасць гэлтахтаў ва ўсіх правінцыях Ірландыі. У іх пражывае і большасць з 86-тысячнага насельніцтва гэлтахтаў.

Ірландская мова ў гэлтахтах
ГодНасельніцтва
гэлтахтаў
Валодаюць
ірландскай
Адсотак
ірландскамоўных
1911189 755149 67779 %
1926164 774146 82189 %
1936148 218123 12583 %
1946137 207104 94176 %
196179 32364 27581 %
197170 56855 44079 %
198179 50258 02673 %
199183 28656 46965 %
200286 51762 15773 %

Ва ўсіх катэгорыях гэлтахтаў назіраецца неадпаведнасць паміж станоўчым стаўленнем да ірландскай мовы і яе абмежаваным выкарыстаннем. Асабліва гэта тычыцца маладога пакалення. Так, калі цалкам альбо ў значнай ступені ірландскую мову падтрымліваюць каля 85 — 90 % моладых жыхароў гэлтахтаў (ад 80 % у гэлтахтах катэгорыі С да 94 % у гэлтахтах катэгорыі А), то сямейнае выхаванне на ірландскай мове атрымлівалі толькі 53 % маладых людзей ў гэлтахтах катэгорыі А, 22 % у гэлтахтах катэгорыі B і толькі 3 % у гэлтахтах катэгорыі С — найвялікшай па насельніцтве катэгорыі гэлтахтаў. Між тым, менавіта выкарыстанне ірландскай мовы ў сямейным коле з’яўляецца найбольш пашыраным сярод усіх сфер. Напрыклад, у зносінах з аднагодкамі ірландская мова сярод моладзі выкарыстоўваецца толькі ў 9 % выпадкаў, з іх у найбольш ірландскамоўных гэлтахтах катэгорыі А — у 24 %, што значна менш, чым у зносінах з сям’ёй і суседзямі.

Нягледзячы на нізкі ўзровень выкарыстання ірландскай мовы моладдзю, менавіта ў гэтай узроставай групе фіксуецца высокі ўзровень валодання ірландскай мовай. Так, у гэлтахтах катэгорыі А 91 % маладых людзей вольна альбо добра валодае ірландскай, у гэлтахтах катэгорыі B і C — 74 % і 50 % адпаведна. Такое становішча звязана перш за ўсё з адукацыйнымі праграмамі, якія ўкараняюцца на тэрыторыях гэлтахтаў.

Адукацыя

Інстытут адукацыі і кельтскай культуры, Дынгл, графства Керы

Згодна з законам аб адукацыі ў гэлтахтах, адной з функцый школ, размешчаных на іх тэрыторыі, з’яўляецца падтрымка і развіццё ірландскай мовы, як асноўнай мовы супольнасці. Ірландская мова ў гэтых школах з’яўляецца асноўнай мовай выкладання. У 2004 годзе ў гэлтахтах налічвалася 143 пачатковых, альбо асноўных школ (primary school), у якіх навучалася каля 10 тыс. навучэнцаў. З прычыны складанай дэмаграфічнай сітуацыі ў гэтых рэгіёнах агульная колькасць вучняў памяншаецца. Большасць (69 %) школ у гэлтахтах — малакамплектныя школы з 1-3 настаўнікамі. У такіх школах найбольш востра ўспрымаецца змяншэнне колькасці вучняў. Так, з 1998 года колькасць навучэнцаў зменшылася ў двух трацінах такіх школ (66 з 98). У 58 з іх зніжэнне склала больш за 10 %, а ў 18 колькасць навучэнцаў зменшылася больш чым на 30 %.

ГэлтахтыКолькасць пачатковых
(primary) школ
Колькасць вучняў
Больш 70 %
ірландскамоўных
392 226
Ірландскамоўных
40-69 %
211 320
Менш 39 %
ірландскамоўных
694 544
Усяго1298090
ГэтлахтыКолькасць сярэдніх
(post-primary) школ
Колькасць вучняў
Больш 70 %
ірландскамоўных
91 328
Ірландскамоўных
40-69 %
71 420
Менш 39 %
ірландскамоўных
112 093
Усяго274 841

26 % вучняў, якія наведваюць школы ў гэлтахтах, былі народжаныя за іх межамі, яшчэ 9 % навучэнцаў пражываюць за тэрыторыяй гэлтахтаў. Абсалютная большасць з іх дрэнна валодае ірландскай, што прыводзіць да пагаршэння функцыянавання ірландскамоўнай адукацыі. Так, паводле апытання 2002 года, 10 % выпускнікоў асноўных школ у гэлтахтах не валодае, ці дрэнна валодае ірландскай, яшчэ 25 % валодаюць здавальняюча.

Штодзённае карыстанне ірландскай мовай па-за межамі адукацыйных устаноў у 2011 годзе

Праблемы гэлтахтаў

У гэлтахтах востра стаіць праблема захавання функцыянавання ірландскага мовы. Асноўным фактарам, які пагаршае яе становішча з’яўляецца рост колькасці англамоўнага насельніцтва. Павелічэнне колькасці англамоўных, якія не валодаюць ірландскай, прыводзіць да памяншэння камунікатыўнай функцыі ірландскай. Асабліва хутка гэты працэс адбываецца ў змешаных гэлтахтах з перавагай англійскай мовы. Гэта адбіваецца і на сферы адукацыі. Так, сярод вучняў, якія наведваюць школы ў гелтахтах, 25 % нарадзіліся за іх межамі. Пры гэтым не валодаюць, ці дрэнна валодаюць ірландскай 46 % навучэнцаў, у асноўным з гэлтахтаў, дзе ірландскамоўныя з’яўляюцца меншасцю.

Новыя гэлтахты

Новы гэлтахт (Gaeltacht Nua) — тэрыторыя, дзе энтузіясты спрабуюць адрадзіць ірландскую мову ў паўсядзённым ужытку. Гэтыя тэрыторыі не маюць афіцыйнага статусу ў Ірландыі, але могуць карыстацца падтрымкай уладаў. Новыя гэлтахты існуюць не толькі ў Рэспубліцы Ірландыя, але і ў Паўночнай Ірландыі і Канадзе.

Востраў Клэр (ірл. Oilean Chliara)

Востраў знаходзіцца ў графстве Майо, паблізу гэлтахта. На востраве маецца пастаяннае насельніцтва, якое ў летні час з улікам прыезжых складае каля 160 чалавек. Дырэктар школы валодае ірландскай мовай і плануе зрабіць мясцовую школу ірландскамоўнай. Эксперымент карыстаецца падтрымкай мясцовага насельніцтва.

Дублін

Дублін і яго наваколлі маюць найбольшую колькасць тых, хто кожны дзень размаўляе па-ірландску: 14229 чалавек, што складае 18 % тых, хто карыстаецца ірландскай мовай штодня. 13 Студзеня 2009 года тэлеканал Nuacht TG4 паведаміў, што ў прыгарадзе Дубліна Балімане плануецца пабудаваць 38 дамоў для людзей, якія жадаюць жыць у ірландскамоўнай супольнасці ў горадзе. Гэты праект быў заснаваны на значнай лакальнай падтрымцы ірландскай мовы, таму што менавіта ў гэтым раёне ёсць чатыры ірландскамоўныя школы і адзін дзіцячы садок, а таксама крама, дзе абслугоўваюць па-ірландску. Але ніякіх паведамленняў аб далейшым прагрэсе ў гэтым праекце, які быў апісаны як «гарадскі гэлтахт», не было.

Заходні Клэр

На захадзе графства Клэр група пад назвай Coiste Forbartha Gaeltachta Chontae Chláir (Камітэт па развіцці гэлтахта графства Клэр) імкнецца да таго, каб мясцовыя тэрыторыі зноў былі прызнаныя гэлтахтам. Прыкладна 170 чалавек штодня размаўляюць па-ірландску на захадзе графства Клэр. Тэрыторыя былі прызнаныя ў якасці гэлтахта ў 1926 годзе, але пазней гэты статус быў скасаваны.

Паўночная Ірландыя

Белфаст

Існуе раён у Белфасце, вядомы як квартал-гэлтахт (An Cheathrú Ghaeltachta), дзе ірландская мова актыўна развіваецца. Так, у гэтым раёне існуюць ірландскамоўныя пачатковыя і сярэднія школы, дзіцячыя садкі, ірландскамоўны рэстаран і культурны цэнтр.

Графства Дэры (Лондандэры)

На поўдні графства Дэры знаходзяцца Sleacht O’Neill і Carn Tóchair, дзе 50 % насельніцтва размаўляе па-ірландску. Пры гэтым у 1901 носьбітаў ірландскай мовы ў рэгіёне заставаліся адзінкі. У 1993 годзе быў заснаваны ірландскамоўны дзіцячы садок, у 1994 — адпаведная школа. Рэгіён з’яўляецца станоўчым прыкладам адраджэння ірландскай мовы.

Паўночная Амерыка

У 2007 годзе пры ўдзеле амбасадара Ірландыі быў афіцыйна адкрыты Пастаянны паўночнаамерыканскі гэлтахт, які знаходзіцца надалёка ад Эрынсвіль, штат Антарыа, Канада.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Геаграфія Ірландыі
Катэгорыя·Геаграфія Шатландыі