wd wp Пошук:

Павел Васілевіч Шэйн

Вокладка кнігі «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края»

Павел Васілевіч Шэйн (1826, Магілёў — 12 (25) жніўня 1900, Рыга) — педагог, этнограф, фалькларыст — збіральнік беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і магілёўскага яўрэя-гандляра. Благі стан здароўя прымусіў бацькоў уладкаваць сына ў Нова-Екацярынінскую бальніцу ў Маскве, дзе ён праляжаў тры гады. Тут ён вывучаў рускую і нямецкую мовы, захапіўся паэзіяй А. С. Пушкіна і В. Жукоўскага. Пад уплывам княгіні Кастровай прыняў лютэранства і, такім чынам, парваў з бацькамі, якія трымаліся іўдаізму. У сіроцкім аддзяленні нямецкага вучылішча пры лютэранскай царкве П. Шэйн атрымаў званне хатняга настаўніка і пачаў займацца прыватнай педагагічнай дзейнасцю. У 1865—1872 працаваў выкладчыкам нямецкай і рускай моў у Віцебскай гімназіі, а ў 1873—1879 настаўнічаў у Шуі, Зарайску, Калузе. Праўда, педагагічная дзейнасць мала цікавіла П. Шэйна. Яшчэ ў 1850-х пад уплывам славянафілаў ён пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Праз некаторы час Шэйн пераехаў у Пецярбург дзе пад кіраўніцтвам Акадэміі навук заняўся навуковай работай. Яшчэ ў 1859 ён надрукаваў свой першы збор рускіх былін і гістарычных песень, запісаных у Корсунскім павеце Сімбірскай губерні. Першыя фальклорныя запісы насілі выпадковы і аматарскі характар. Пазней у выніку самаадукацыі, вывучэння прац тагачасных этнографаў і фалькларыстаў П. Шэйн падышоў да гэтага пытання з усёй адказнасцю. У 1870 выйшаў яго зборнік «Рускія народныя песні», у 1898—1902 — праца ў двух тамах «Вялікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.», якой ён завяршыў выданне рускага фальклору.

Дзейнасць Паўла Шэйна ў Паўночна-Заходнім краі пачалася ў сяр. 1860-х, калі ён апынуўся ў Віцебску. Тут ён пачуў беларускую мову, якой да гэтага часу не ведаў, і атрымаў магчымасць пазнаёміцца з ужо існуючымі зборнікамі беларускіх народных твораў. Два гады Шэйн вывучаў асаблівасці мовы і побыту беларусаў, а ў 1867 распрацаваў падрабязную «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», якую разаслаў створанай ім шырокай сетцы карэспандэнтаў з розных куткоў Паўнона-Заходняга края. Ужо да 1869 ён сабраў значную колькасць беларускіх песень, галоўным чынам Віцебскай губерні, дапоўніў іх песнямі са зборнікаў, якія ўжо выйшлі з друку, і прадставіў у геаграфічнае таварыства ў пач. 1870-х даволі аб’ёмны том пад назвай «Беларускія песні». Гэта была самая буйная праца сярод аналагічных зборнікаў 1860-1870-х. У ёй сабрана звыш 1000 беларускіх народных песень з апісаннем тых абрадаў, пры якіх яны выконваліся, некалькі казак, паданняў, запісаў прыкмет і забабонаў. У зборніку прыводзяцца апісанні радзінных і хаўтурных абрадаў, некалькі апісанняў абрадаў дзядоў. З каляндарных абрадаў запісаны: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, купальскія, талочныя, жніўныя. Але асноўная каштоўнасць зборніка ў песенным матэрыяле. Акадэмік Я. Карскі адзначыў, што гэта адзін з лепшых збораў твораў беларускай народнай песні. У ім упершыню быў так шырока прадстаўлены песенны рэпертуар Віцебшчыны. Тагачасная крытыка аднеслася да зборніка станоўча. Багаты змест калекцыі, свежасць матэрыялу, пашпартызацыя і пэўнае ўпарадкаванне яго ўразілі рэцэнзентаў.

Пасля выдання зборніка Павел Шэйн з дапамогай карэспандэнтаў (у ліку якіх былі Мікалай Нікіфароўскі, Адам Багдановіч, Іван Карскі) назапасіў вялікую колькасць апісанняў народных звычаяў і абрадаў, якія пазней выйшлі пад назвай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга края» (т. 1-3, 1887—1902). У гэта выданне ўключаны матэрыялы з усіх губерняў Паўночна-Заходняга края, а таксама з суседніх, дзе жыло этнічна беларускае насельніцтва. Тут атрымалі адлюстраванне амаль усе бакі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта песні абрадавыя, бытавыя, бяседныя, жартоўныя і так званыя разгульныя, апісанні абрадаў і звязаныя з імі песні, дзесяткі галашэнняў. Вясельная калекцыя П. Шэйна па багаццю не мела сабе роўных сярод дарэвалюцыйных выданняў беларускага фальклору. Звяртае на сябе ўвагу раздзел народных прывітанняў, пажаданняў, праклёнаў, лаянак, замоў. У самай працы над 3-ім томам «Матэрыялаў…», калі да даследчыка прыйшлі слава і прызнанне, П. Шэйн памёр. Акрамя названых прац ён быў аўтарам шэрага артыкулаў, рэцэнзій, нататак, якія змяшчаў у навуковых выданнях. Працы П. Шэйна, нягледзячы на часам тэндэнцыйны падыход да духоўнай спадчыны беларускага народа, — каштоўная крыніца фальклорна-этнаграфічных звестак пра побыт і культуру беларусаў 2-ой пал. 19 ст.

Зноскі

  1. P. V. Sheĭn // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Pavel Vasilʹevič Šejn // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
  3. Pavel Vasil’evič Šejn // MAK
  4. 1 2 Шейн Павел Васильевич / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  5. Яцимирский А. И. Шеин, Павел Васильевич // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1903. — Т. XXXIX. — С. 370–371.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Этнографы Расіі
Катэгорыя·Фалькларысты Расіі
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1826 годзе
Катэгорыя·Памерлі 25 жніўня
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Магілёве
Катэгорыя·Пахаваныя ў Рызе
Катэгорыя·Постаці этнаграфіі XIX стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі ў 1900 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Віцебскай мужчынскай гімназіі
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Рызе
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мовазнаўцы Расіі