Гродзенскі паштамт — цэнтральнае паштовае прадпрыемства ў Гродне, размешчанае ў будынку па вуліцы Карла Маркса, 29. Арганізуе паштовую сувязь на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна[1].
У пачатку XX ст. на гэтым месцы стаялі камяніцы Восінскага і Стрыйскага[2]. Будынак паштамта («Дом сувязі») пабудаваны ў 1968 па паўторна выкарыстаным праекце з перабудовай інтэр’ераў і часткова фасадаў (архітэктары Г. Тарасевіч, Л. Вільчко)[1]. Амаль ідэнтычны будынак існуе ў Запарожжы. У 1988 годзе да будынка прыбудавана дадатковае крыло.
У 1989 годзе арганізоўваў электрасувязь на тэрыторыі раёна, кіраваў участкамі па перавозцы пошты, сартаванні пісьмовай карэспандэнцыі і друку, апрацоўцы страхавой пошты, цэхам электрасувязі, каардынаваў і кантраляваў працу 26 аддзяленняў сувязі гарадскіх і 49 сельскіх. Пры паштамце працавала службовая гарадская пошта[1].
Асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя 5-павярховага складанага ў плане будынка заснавана на вылучэнні вуглавога аб’ёму, да якога перпендыкулярна прылягае выцягнутае крыло. Суцэльнае зашкленне на ўсю вышыню вуглавога аб’ёму і рытм вертыкальных лапатак крыла ствараюць кантраст у кампазіцыі галоўнага фасада. Канструктыўнае рашэнне будынка заснавана на спалучэнні жалезабетоннага каркаса з вонкавымі цаглянымі сценамі. Тарцовая сцяна аперацыйнай залы аформлена шматфігурным гіпсавым рэльефам на тэму працы (скульптар В. Даненкаў), лесвіца ўпрыгожана чаканкай (архітэктар А. Волкаў). У вуглавым аб’ёме вестыбюль, холы, вялікія 2-светлавыя аперацыйныя залы, у крыле — зала міжгародняй тэлефоннай сувязі, крама філатэліі, службовыя і дапаможныя памяшканні[1].
З дапамогай пергалы злучана з былым будынкам «Гроднасельбудпраекта», пабудаваным у 1973 годзе[3].