wd wp Пошук:

Говард Філіпс Лаўкрафт

Говард Філіпс Лаўкрафт (англ.: Howard Phillips Lovecraft; 20 жніўня 1890, Провідэнс, штат Род-Айленд, ЗША — 15 сакавіка 1937, там жа) — амерыканскі паэт і пісьменнік, які пісаў у жанрах жахаў, містыкі, спалучаючы іх у арыгінальным стылі. Першапачынальнік Міфаў Ктулху. Пры жыцці Лаўкрафта яго творы не карысталіся вялікай папулярнасцю, аднак ужо пасля яго смерці яны аказалі прыкметны ўплыў на фармаванне сучаснае масавае культуры. Яго творчасць на гэтулькі ўнікальна, што творы Лаўкрафта вылучаюцца ў адасоблены паджанр — так званыя Лаўкрафтаўскія жахі.

Біяграфія

Нарадзіўся 20 жніўня 1890 у Провідэнсе (штат Род-Айленд, ЗША). Бацька — Уілфрыд Скот Лаўкрафт, маці — Сара С’юзан Філіпс Лаўкрафт. У 1893, калі Говарду было толькі тры гады, ягонага бацьку забралі ў псіхіятрычны шпіталь, дзе ён і памёр у 1898. Лаўкрафта выхоўвалі яго маці, дзве цёткі (Ліліян Дэлора Філіпс і Энні Эмілін Філіпс), а таксама дзядуля — Уіпл Ван Бюрэн Філіпс. Говарда лічылі вундэркіндам, з-за таго, што ва ўзросце двух гадоў ён быў здольны чытаць вершы на памяць, а ў шэсць пачаў пісаць свае ўласныя. Дзядуля заахвочваў ягоную прагу да навучання, а таксама абуджаў у маладым Говардзе зацікаўленасць да невядомага, распавядаючы свае гатычныя показкі.

У дзяцінстве Говард часта хварэў, з-за чаго ён пайшоў у школу толькі ў васьмігадовым узросце. Праз год яго забіраюць са школы. У гэты перыяд Говард шмат чытае, асабліва захапляецца хіміяй і астраноміяй. Выдае абмежаваным тыражом некалькі прац (сярод якіх «Навуковая газета» ў 1899). Праз чатыры гады Лаўкрафт вяртаецца ў школу. У 1904 памірае дзядуля і сям’я Говарда пераязджае ў меншы дом на гэткай ж самай вуліцы. Смерць дзядулі прынесла Говарду шмат пакут. З-за гэтага ён нават думае пра самазабойства. У 1908, напярэдадні выпуску са школы, у яго адбываецца нервовы зрыў і ён так і не атрымоўвае дыплом.

Говард напісаў колькі фантастычных твораў у маладосці, але з 1908 па 1913 займаецца пераважна паэзіяй. Пазней да 1917 года піша вершы і эсэ, а ў 1917 вяртаецца да жанру жахаў у сваіх апавяданнях «Даган» і «Магіла». «Даган» быў ягоным першым прафесійным апавяданнем, надрукаваным у часопісе «Weird Tales» у 1923. У 1919, пасля доўгіх прыступаў істэрыі і дэпрэсіі маці Лаўкрафта забіраюць у псіхіятрычны шпіталь, дзе яна памірае 21 мая 1921.

У 1924 Лаўкрафт ажаніўся з Соняй Грын, якая была на сем гадоў за яго старэйшая. Пасля вяселля, Говард пераехаў у Бруклін. Праз некалькі год з-за матэрыяльных цяжкасцей ягоная жонка была вымушаная прадаць сваю краму капелюшоў і пераехаць у Кліўленд. Лаўкрафт застаўся ў Нью-Ёрку. Яшчэ праз некаторы час яны дамовіліся пра развод (які так і не быў аформлены юрыдычна) і Говард вярнуўся ў Провідэнс, дзе і жыве да 1933. У гэты перыяд Лаўкрафт напісаў амаль усе яго вядомыя кароткія апавяданні, а таксама некаторыя буйныя творы накшталт «Выпадка Чарльза Дэкстэра Варда» і «Гораў вар’яцтва». Таксама пісаў за іншых аўтараў («Крылатая смерць», «Дзённік Алонза Тайпера» і г.д.). Нягледзячы на свой талент, Говард станавіўся ўсё больш і больш бедным. Яго творы не мелі вялікае папулярнасці. Ён быў зноўку вымушаны пераехаць у маленькі домік са сваёй цёткай. Говарда моцна ўразіла самазабойства ягонага сябра па перапісцы Роберта Говарда.

У 1936 у Лаўкрафта знайшлі рак страўніка. 15 сакавіка 1937, у Провідэнсе, ён памёр.

Сучаснасць

Пад канец XX ст. творы Лаўкрафта набылі вялікую папулярнасць. Шматлікія гурты (пераважна метал накіраванасці) выкарыстоўвалі тэмы з ягоных твораў у сваіх песнях. Было знята некалькі дзясяткаў кінастужак, зроблены шэраг радыёпастановак. Асаблівую папулярнасць набылі яго «Міфы Ктулху»

Беларускія пераклады

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118729241 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  3. H.P. Lovecraft // Find a Grave — 1995. Праверана 27 лістапада 2018.
  4. 1 2 Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713
  5. (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Памерлі ў 1937 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў Род-Айлендзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Род-Айлендзе
Катэгорыя·Памерлі ў Род-Айлендзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1890 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 жніўня
Катэгорыя·Памерлі 15 сакавіка