wd wp Пошук:

Герб Гомеля

Герб Гомеля — герб горада Гомеля. Герб зацверджаны Рашэннем Гомельскага гарвыканкама ад 16 ліпеня 1997 г. № 60[1].

Апісанне

Сучасны герб Гомеля ўяўляе сабой французскі шчыт, на блакітным полі якога намалявана залатая рысь, якая ляжыць.

Гісторыя

Рэканструкцыя першага вядомага герба Гомеля.
Рэканструкцыя першага вядомага герба Гомеля.

Пытанне наяўнасці гарадской сімволікі ў сярэднявечным Гомелі застаецца нявырашаным — архелагічныя ці пісьмовыя сведчанні пра герб Гомеля або нейкі адрозны знак, што выконваў бы функцыю герба, у X—XV стст. адсутнічаюць.

Першыя пісьмовыя звесткі пра герб Гомеля адносяцца да першага перыяду Новага часу. 21 сакавіка 1560 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст надаў гораду «печать местьскую з гербом Крыжа» адмысловым прывілеем (аднесенне дакумента да 1562 г., што сустракаецца ў асобных публікацыях, варта лічыць памылковым)[2][3]:

" Присылали до нас подданные нашы мещане места Гомеиского, оповедаючи, штожъ они печати местское, которое бы справы местьские печатовати мели, в себе не мають, и для того деи великое затрудненье в тых справах и потребах местских имъ частокроть деет ся… Ино мы з ласки нашое г(о)с(по)д(а)ръское… печать местьскую з гербом Крыжа имъ дали и мети дозволили и симъ листом нашымъ дозволяемъ, мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и имъ печатовати ся по тому, яко и у в ынъшых местах нашых Великого Князства Литовъского обычаи того заховываеть ся. "

Падрабязнага апісання герба ў прывілеі не ўтрымлівалася. Колеравае спалучэнне «у чырвоным полі срэбны крыж» з’яўляецца меркаваным і было прапанавана геральдыстам Анатолем Цітовым як рэканструкцыя ў 1990-х гадах[4]. Арыгінальная выява герба 1560 г. дагэтуль не выяўлена. Гісторык Міхаіл Спірыдонаў, які адшукаў тэкст адпаведнага прывілея, выказаў меркаванне, што гербам з крыжам Гомель карыстаўся нават пасля першага падзела Рэчы Паспалітай — да 1776 г., г.зн. да часу падаравання горада расійскай імператрыцай Кацярынай II графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму[5]. Аднак пэўныя дакументальныя сведчанні на гэты конт пакуль невядомыя. Гомельскі гісторык і археолаг А. А. Макушнікаў лічыць непераканаўчай рэканструкцыю герба А. Цітовым, як у графічным і колеравым сэнсе, так і ў сэнсе абранага для яе тыпу геральдычнага крыжа[6].

Розныя варыяцыі рэканструкцыі паводле А. Цітова выкарыстоўваюцца ў наш час як неафіцыйны геральдычны элемент (аздабленне інтэр’ераў, сувеніры і г.д.), а адна з версій прысутнічае на афіцыйнай сімволіцы ваеннай кафедры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (зацверджана ў 2017 г.)[7]:

У чорным барочным шчыце з падвойнай жоўтай аблямоўкай герб Гомеля (1560 г.) з перакрыжаванымі мячамі лязом уверх, накладзенымі на белую раскрытую кнігу і Кадуцэй.

У гонар гэтага герба названы клуб рэканструкцыі і мадэлявання «Белы крыж» пры гістарычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны[8], выява герба выкарыстоўваецца на атрыбутыцы клуба.

Падчас расійскага панавання імператрыца Кацярына II перадала Гомель «дзеля забавы» («для увеселения») графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. Ён дамогся вываду павятовай адміністрацыі ў вёску Беліца (цяпер — Старая Беліца), якая атрымала статус горада, а 16 жніўня 1781 года[4][9] — герб:

У верхняй частцы шчыта — частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — на балкітным полі рысь, якая спакойна ляжыць; бо звяроў такіх у наваколлях горада гэтага вельмі многа.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

В верхней части, щита часть герба Могилевского: в золотом поле половина Российского герба. В нижней — лежащая спокойно рысь в голубом поле; ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много.

А. А. Макушнікаў характарызуе гэты герб як «штучна надуманы ў кабінетах стольных расійскіх канцылярый», што рысь чыноўнікі паставілі на герб, бо для наваспечанага горада ў расійскім гербоўніку не знайшлося «ганаровага звера» («почетной твари»)[6].

У 1786 годзе павятовая адміністрацыя была пераведзена ў пабудаваны для яе на левым беразе ракі Сож цэнтр, за якім замацавалася тая ж назва з дадаткам слова «Новая» — Новая Беліца[10] (сёння — Навабеліцкі раён Гомеля). Герб з выявай рысі, такім чынам, перайшоў да Новай Беліцы. Гомель як прыватнаўласніцкі горад афіцыйна герба не меў. У 1852 годзе ён быў пераўтвораны ў павятовы горад (Новая Беліца стала яго прадмесцем)[11], 23 снежня 1855 года (4 студзеня 1856) сімволіка з рыссю была зацверджана ў якасці яго герба[12]:

Шчыт падзелены на дзве часткі: у верхняй паказаны Магілёўскі губернскі герб, а у ніжняй, на блакітным полі, рысь лежачы. Шчыт аздоблены каронай каменнага колеру.

Арыгінальны тэкст (руск.)   

Щит разделен на две части: в верхней изображен Могилевский губернский герб, а в нижней, на лазуревом поле, лежащая рысь. Щит украшен короной каменного цвета.

На эталоннай выяве ў «Поўным зборы законаў Расійскай імперыі» (1856—1857 гг.) звер на гербе Гомеля паказаны з кароткім хвастом з кутасам[13]. Але ў пазнейшых выявах, напрыклад, у гербоўніку П. Вінклера (1899 г.), звер менш нагадвае рысь, бо адлюстраваны з неўласцівым для рысі доўгім хвастом. На вокладцы кнігі Льва Вінаградава «Гомель. Яго мінуўшчына і сучаснасць. 1142—1900 гг.» (1900 г.) выява звера на гербе Гомеля выканана неахайна схематычна[14]: звер адлюстраваны стоячы, нагадвае сабаку (пудзеля), а не прадстаўніка сямейства каціных.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. гомельскі герб быў відазменены: адлюстраваны ў верхняй частцы шчыта арол страціў свае імперскія рэгаліі (быў прыведзены да стандарту эмблемы Расійскай Рэспублікі), рысь жа па-ранейшаму адлюстроўвалася ў вычварным выглядзе, нагадваючы на вядомых выявах 1918 г., то мармуровага ката, то вавёрку. Гэта можна прасачыць, у прыватнасці, па выявах на бонах гомельскага гарадскога самакіравання і гомельскага земства (1918 г). Пасля канчатковага ўсталявання ў Гомелі савецкай улады розныя варыянты тутэйшага герба адышлі ў гісторыю. У 1929 г. у перадавым артыкуле газеты «Рабочий» падкрэслівалася неадпаведнасць старога герба з рыссю новаму індустрыяльнаму абліччу Гомеля, адзначалася, што гербам Гомелю «можа служыць не рысь, якая ляжыць у блакітным полі, а фабрычныя коміны, што сягаюць у неба»[15]. Да пачатку 1990-х гг. пытанне аб гарадскім гербе ў Гомелі сур’ёзна не падымалася. У 1990-я гг. гомельскі гарадскі савет рабіў захады па пошуках старадаўняга гомельскага герба, якія не далі станоўчага выніку. У 1997 г., напярэдадні адзначэння 200-годдзя стварэння палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі, гэтае пытанне актуалізавалася і было вырашана на аснове перастварэння герба 1855 г.[16]

Сучаснасць

У сучаснай Беларусі 16 ліпеня 1997 статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Гомеля атрымаў герб часоў Расійскай імперыі[17], з якога былі прыбраны выявы гарадской кароны і верхняй часткі двухгаловага арла. Аўтарамі зацверджанага праекту з’яўляюцца А. П. Бялоў (мастацкі рэдактар) і Ю. Л. Сцяпанаў (мастак)[16]. Выява рысі ўпершыню за два стагоддзі атрымала большую рэалістычнасць. Выявы розных варыяцый сучаснага гомельскага герба даволі багата прысутнічаюць у гарадскім асяроддзі (манументальны роспіс, наддарожныя шыльды, скульптурныя ўвасабленні). «Пасведчанне аб рэгістрацыі герба г. Гомеля» і комплекс адпаведных дакументаў былі перададзены на захаванне ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей[16].

Галерэя

Зноскі

  1. Решение Гомельского горисполкома от 16 июля 1997 г. № 802.
  2. Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 37 (1552—1561) / Parengė D. Baronus. — Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2011. — С. 341. За выключэннем пунктуацыі (набліжана да сучаснай), дакумент даслоўна цытуецца згодна з гэтай публікацыяй.
  3. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 199.
  4. 1 2 Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  5. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 156—157.
  6. 1 2 Макушников О. Средневековый Гомель: состояние проблемы и перспективы изучения // Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — С. 5—10.
  7. Геральдика кафедры / Военная кафедра ГГМУ
  8. Белы крыж / Гістарычны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны
  9. Гербы городов, губерний, областей и посадов Российской империи, внесенные в полное собрание законов с 1649 по 1900 г. / cост. П. П. фон-Винклер. — Санкт-Петербург : издание книгопродавца Ив. Ив. Иванов, 1900. — С. 206. У гэтым зборніку Новая Беліца памылкова пазначана як «Беліцк».
  10. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 96-97.
  11. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кн. Кн. 1-я — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 100.
  12. Журнал Министерства внутренних дел. Ч. 17. Март. 1856. С. 14.
  13. Россия. Законы и постановления. Полное собрание законов Российской империи. Собрание 2. - Санкт-Петербург : в Тип. 2 Отд-ния Собств. е. и. в. Канцелярии, 1830-1885. - Чертежи и рисунки […]. Лист №9.
  14. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005.
  15. Езерский С. В бетон и железо одевается Гомель // Рабочий. 1929. 19 сентября. С. 3.
  16. 1 2 3 Саладоўнікаў А. Гарадская геральдыка Гомеля: гісторыя і сучаснасць // Інвентар : гісторыка-краязнаўчы навукова-папулярны часопіс гомельскага рэгіёна. 2002. № 1. С. 8-11.
  17. Решение Гомельского горисполкома от 16 июля 1997 г. № 802.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Гербы паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Гомель
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Гербы гарадоў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на катэгорыю Вікісховішча адсутнічае ў Вікідадзеных