wd wp Пошук:

Вавёрка звычайная

Вавёрка звычайная (Sciurus vulgaris) — грызун з сямейства вавёркавых. Адзіны прадстаўнік роду вавёрак у фауне Беларусі.

Вонкавы выгляд

Дробны звярок з выцягнутым стройным целам і пухнатым «расчэсаным» хвастом. Даўжыня цела 19,5—28 см, хваста — 13—19 см (каля 2/3 даўжыні цела); вага 250—340 г. Галава круглая, з вялікімі чорнымі вачыма. Вушы доўгія, з касмыльчыкамі, якія асабліва відаць у зімовы перыяд. На пысе, пярэдніх лапах і бруху растуць адчувальныя вібрысы. Заднія канечнасці прыкметна даўжэйшыя за пярэднія. Пальцы з учэпістымі вострымі кіпцюрамі.

Валасы па баках хваста дасягаюць даўжыні ў 3-6 см. Валасяное покрыва мяняецца двойчы за год — вясной і восенню. Адначасова мяняецца гушчыня і афарбоўка поўсці.

Пашырэнне

Чорная вавёрка

Вавёрка звычайная распаўсюджаная ў барэальнай зоне Еўразіі ад узбярэжжа Атлантыкі да Камчаткі, Сахаліна і Японіі (в. Хакайда).

Вавёрка на 50 беларускіх капейках, 1992

На Беларусі пашырана ўсюды, найбольш у сярэдняй паласе. Жыве пераважна ў субарах, яловых і ялова-шыракалістых лясах, на Палессі часта ў дубова-грабавых лясах, у дубровах, радзей у алешніках і чыстых хваёвых лясах. У паўночнай зоне пашыраны падвід вавёрка звычайная беларуская, у паўднёвай — вавёрка звычайная Кеслера. У 1951 г. у лясы Крычаўскага раёна для акліматызацыі выпусцілі каля 200 вавёрак-тэлеутак, завезеных з Сібіры. Мяркуюць, што яны прайшлі паглынальнае скрыжаванне з мясцовай вавёркай звычайнай. Агульная колькасць вавёркі звычайнай у лясах Беларусі была каля 137,1 тыс. (1978). Пераважная большасць — бурахвосткі, ёсць чырвонахвосткі, часам трапляюцца шэрахвосткі і цемнахвосткі. Вавёрка — каштоўная паляўніча-прамысловая жывёла. За 1931—1975 гг. нарыхтавана каля 4, 16 млн шкурак (у сярэднім па 207, 3 тыс. за год у 1931—1939 гг.; 96,6 тыс. — у 1945—1969 гг.; 49,2 тыс. — у 1970—1975 гг.

Асаблівасці біялогіі

Двухтыднёвае ваверчанё

Вавёркі вельмі пладавітыя. На большай частцы арэала прыносяць 1—2 вывадкі, у паўднёвых раёнах — да 3-х. Сезон размнажэння, у залежнасці ад шыраты мясцовасці, кармавых умоў і шчыльнасці папуляцыі, пачынаецца ў канцы студзеня — пачатку сакавіка і заканчваецца ў ліпені-жніўні. Падчас гону каля самкі трымаюцца 3—6 самцоў, якія дэманструюць агрэсію ў адносінах да канкурэнтаў — гучна вурчаць, б’юць лапамі па галінках, бегаюць адзін за адным. Пасля спаравання з пераможцам самка будуе вывадкавае гняздо (часам 2-3); яно акуратнае і вялікіх памераў.

Цяжарнасць доўжыцца 35—38 дзён, у памёце ад 3 да 10 дзіцянятаў; у другім прыплодзе менш. Нованароджаныя ваверчаняты голыя і сляпыя, масай каля 8 г. Валасяное покрыва ў іх з’яўляецца на 14 суткі, пачынаюць бачыць толькі на 30—32 дзень. З гэтага моманту пачынаюць выходзіць з гнязда. Малаком выкормліваюць да 40—50 дзён. Ва ўзросце 8—10 тыдняў пакідаюць маці. Палавой спеласці дасягаюць у 9—12 месяцаў. Выгадаваўшы першы прыплод, самка некалькі адкормліваецца і зноў спароўваецца. Інтэрвал паміж вывадкамі складае каля 13 тыдняў.

У няволі вавёркі дажываюць да 10—12 гадоў, аднак у прыродзе вавёрка старэйшая за 4 гады ўжо з’яўляецца старой.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вавёркавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы на марках
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе