wd wp Пошук:

Геаграфія Малдовы

Малдова знаходзіцца ва Усходняй Еўропе і не мае прамога выхаду да мора, што даволі тыпова для еўрапейскіх дзяржаў такіх памераў. Пры гэтым краіна геаграфічна належыць да прычарнаморскага рэгіёну. Рэкі Днестр (непасрэдна) і Прут (праз Дунай) звязваюць краіну з Чорным морам. У Малдовы ёсць невялічкі выхад непасрэдна да Дунаю (працягласць берагавой лініі — 600 м).

Малдова займае большую частку міжрэчча Днястра і Прута а таксама вузкую паласу левабярэжжа Днястра ў яго сярэднім і ніжнім цячэнні. На захадзе мяжуе з Румыніяй, усе 450 км мяжы праходзяць па рацэ Прут. На ўсход ад Малдовы ляжыць Украіна. Даволі значны паўночны адрэзак 940-кіламетровай мяжы з ёй прыходзіцца на Днестр. Тэрыторыя Малдовы на ўсход ад Днястра — непрызнанае Прыднястроўе, якое займае 12,3% ад плошчы краіны.

Малдова ляжыць у другім часавым поясе.

Рэльеф

Даліна Днястра
Толтры на поўначы Малдовы

Малдова размешчана на крайнім паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Паверхня большай часткі Малдовы прадстаўляе сабой узгорыстую раўніну, раздзеленую рачнымі далінамі. Яе заходняя найвышэйшая частка вядомая пад назвай Кодры. На поўначы тэрыторыя ўздымаецца ў выглядзе вапняковай грады Толтры. Сярэдняя вышыня краіны над узроўнем мора — 147 м, максімальная — 429,5 м (гара Баланешты ў Кодрах). Паўднёва-ўсходняя Малдова — аднастайна плоская нізіна.

Карысныя выкапні

Карысныя выкапні на якія Малдова не вельмі багатая, прадстаўлены пераважна будаўнічымі матэрыяламі: вапнякі, гіпс, гліны, шкляны пясок, гравій. Маюцца невялікія радовішчы нафты і газу.

Клімат

Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, кароткая, лета цёплае, працяглае. Сярэдняя тэмпература студзеня −4 °C, ліпеня 21 °C. Абсалютны мінімум −36 °C, максімум 42 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ў межах 380—550 мм, памяншаючыся з поўначы на поўдзень, дзе адчуваецца дэфіцыт вільгаці. Асабліва нізкая забяспечаннасць ападкамі ў летні перыяд. Частыя засухі, якія шкодзяць сельскай гаспадарцы. Тым не менш, Малдова валодае выдатнымі агракліматычнымі рэсурсамі.

Рэкі

Буйнейшыя рэкі краіны — памежныя Прут і Днестр, што цякуць у глыбокіх далінах, на некаторых участках утвараючы каньёны. Большая частка краіны адносіцца да басейна Днястра, яго буйнейшыя правыя прытокі: Рэут, Ікель. Многія прытокі Днястра і Прута ў засушлівы летні перыяд перасыхаюць у нізоўях. Малдове належыць каля паўкіламетра берага Дуная з вёскай Джурджулешты — адзіным дунайскім портам краіны. Рака Ялпуг цячэ на поўдзень і ўпадае ў адзін з дунайскіх ліманаў.

Краявіды

Стары Архей, вапняковыя скалы

Паўночная частка Малдовы належыць да лесастэпавай зоны, цэнтральная і паўднёвая — да стэпавай. Глебы пераважна чарназёмныя (75 %). Большая частка тэрыторыі Малдовы ўзараная. Карэнная стэпавая расліннасць захавалася толькі на невялікіх участках. Лясы займаюць 6 % тэрыторыі, захаваліся яны пераважна ў Кодрах. Лясное покрыва схілаў прадстаўленае пераважна грабамі і дубамі. Сустракаюцца таксама спадарожныя пароды — ліпа, ясень, клён, бук, рабіна, дзікая груша, дзікая чарэшня, кізіл.

Ахова прыроды

У Малдове створана некалькі прыродных запаведнікаў: Кодры, Плаюл Фагулуй, Ягорлык; і нацыянальны парк Архей.

Прыродныя раёны:

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Геаграфія Малдовы