Віленскае выдаве́цтва Бары́са Кле́цкіна — прыватнае заходнебеларускае выдавецтва ў міжваеннай Польшчы.
Выдавецтва заснаваў ў Вільні ў 1913 (па іншых звестках у 1911) годзе яўрэй Барыс Клецкін, які атрымаў праз бацькоў багатую спадчыну. Знаходзілася на вул. Малой Стэфанскай, 23 (цяпер Raugyklos g.)[1].
Друкавала кнігі яўрэйскіх пісьменнікаў.
Беларускія кнігі пачало друкаваць з 1921 года. За час свайго існавання выдавецтвам было выдадзена 32 кніжкі на беларускай мове[2] (з іх 13 падручнікаў). Гэта другі паказчык пасля Беларускага выдавецкага таварыства (51 кніга). Абодва выдавецтвы каардынавалі сваю дзейнасць дзякуючы Антону Луцкевічу. І пасля заняпаду БВТ, з 1932 года выдавецтва Клецкіна не выдала ніводнай беларускай кнігі.