wd wp Пошук:

Віктар Іванавіч Сікора

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сікора. Віктар Сікора (12 ліпеня 1925 — 1 ліпеня 2008) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч, паэт. Адзін з кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Паставах, лідар Пастаўскай філіі Беларускай незалежніцкай партыі, камандзір партызанскага антысавецкага аддзелу на Пастаўшчыне, вязень ГУЛАГу.[1][2]

Біяграфія

Нарадзіўся 12 ліпеня 1925 г. у в. Малыя Алашкі Дзісенскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы ў сям’і будучага вядомага беларускага селекцыянера Івана Сікоры.

Скончыў 6 класаў польскай школы. У Другую сусветную вайну ў 1942 г. падчас нямецкай акупацыі скончыў 6-месячныя настаўніцкія курсы і паступіў у Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. У ліпені 1943 г. Прайшоў месячныя курсы малодшых кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі ў Альбярціне, атрымаў званне грамадовага. Стаў аднім з кіраўнікоў (кіраўніком пры настаўніцкай семінарыі ў Паставах) СБМ у Паставах. У канцы 1943 г. на курсах старэйшых кіраўнікоў СБМ у Мінску пазнаёміўся з Усеваладам Родзькай, Францам Кушалем, Аўгенам Калубовічам, Наталляй Арсеньевай і Радаславам Астроўскім. Увесну 1944 г. далучыўся да БНП, стаў кіраўніком Пастаўскага камітэту партыі. Вядома, што ў тым жа годзе Віктар Сікора прымаў да БНП Яўгена Жыхара. Летам 1944 г. падчас адыходу немцаў застаўся ў Беларусі, атрымаўшы загад ад Усевалада Родзькі застацца ў тылу Чырвонай Арміі для прыёму баявой групы і стварэння беларускага падполля. Прызваны ў Чырвоную Армію, быў пісарам роты ў Белай Царкве ва Украіне, але ў лістападзе 1944 г. дэзерціраваў, хаваўся ў родных мясцінах.

Вясной 1945 г. арганізаваў партызанскі аддзел, які налічваў некалькі дзясяткаў чалавек і меў кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, гранаты і іншую зброю. У жніўні 1945 г. здаўся савецкім уладам, быў амніставаны і жыў пад наглядам у роднай вёсцы. 5 снежня 1945 г. быў арыштаваны, утрымліваўся ў Вілейскай турме. У вілейскай турме, дзе яго моцна катавалі, напісаў такі верш:

«І сумна, і цяжка навокал,

І сьцены нямыя вартуюць мяне.

Жыву, як пустыньнік, адзін-адзінока

У Вілейскай страшэннай турме.

І чую я толькі, як вецер здалёка,

Прыбегшы, завые, заплача ў кутку.

Ці шум самалёта ў небе высокім,

Ці грукат калёс ублізі, на мастку…

Зь людзей я ня бачу нікога,

Хоць скрытна гляджу ў акенца сваё.

І стане мне шкода жыцьця маладога,

Што марна так гіне яно…».

Быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР да 10 гадоў пазбаўлення волі ў канцлагерах, з паражэннем у правах на 5 гадоў. Працаваў на капальнях золата ў Якуціі, пасля — у тайшэцкім «Азерлагу». Паводле ўспамінаў старэйшай сястры Лідзіі, бацькава слава садавода-селекцыянэра дапамагла Віктару выжыць у зняволенні: калі пра юбілей Івана Сікоры напісала газета Праўда, Віктара перавялі з працаў у капальнях золата і лесанарыхтовак працаваць у лазню.

У канцы 1954 г. вярнуўся ў Беларусь у родную вёску Малыя Апашкі, дзе жыў да канца жыцця. Дапамагаў бацьку, скончыў сельгасакадэмію, пісаў вершы. Пасля вызвалення і вяртання на радзіму сустрэўся і пасябраваў з настаўніцай, а цяпер кіраўнічкай культурна-асветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах Адай Райчонак. Разам яны стварылі ў Малых Алашках музей Івана Сікоры і даглядалі ягоны сад.

22 мая 1992 г. прэзідыум Віцебскага абласнога суду пастанавіў прысуд ваеннага трыбуналу войскаў МУС Маладзечанскай вобласці ад 8 мая 1946 г. і вызначэнне ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі ад 7 жніўня 1956 г. «у адносінах Сікоры пакінуць без зменаў».

Памёр 1 ліпеня 2008 г. Пахаваны 2 ліпеня 2008 г. на могілках у вёсцы Мельніца на Шаркоўшчыне. Не рэабілітаваны.

Памяць

У 2015 г. У горадзе Глыбокае прайшла прэзентацыя кнігі вершаў Віктара Сікоры «Шурпатая дарога», якая была выдадзена намаганнямі грамадскіх арганізацый Глыбоччыны. Мясцовыя шаркоўшчынскія грамадскія актывісты, найперш Язэп Квач, які даследаваў рукапісны архіў Сікоры, са сшыткаў вершаў Віктара Сікоры зрабілі кнігу, вершы падрыхтавала да друку і апрацавала падсвільская паэтка Марыя Баравік. Сярод выдадзеных вершаў ёсць наступны:

«Мы зь мёртвых паўстанем,

У шэрагі станем,

У бітву мы пойдзем

I долю там знойдзем.

За люд наш бяздольны

Усе мы супольна,

За нашу Радзіму.

За хату, сялібу.

Гэй, люд беларускі!

Спаць хопіць, прачніся!

Мёртвыя клічуць,

Змагацца бярыся!».

Літаратура

Зноскі

  1. http://slounik.org/154897.html Біяграфія Віктара Сікоры
  2. http://www.slounik.org/32095.html Біяграфія Віктара Сікоры

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Памерлі ў 2008 годзе
Катэгорыя·Члены Беларускай незалежніцкай партыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Шаркаўшчынскім раёне
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Зняволеныя Вілейскай турмы
Катэгорыя·Памерлі 1 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся 12 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Шаркаўшчынскім раёне
Катэгорыя·Пахаваныя ў Шаркаўшчынскім раёне