wd wp Пошук:

Вігілія

1904-1905

Вігілія, вігілія Божага Нараджэння, посная куцця — традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

У адрозненне ад вялікодных святаў, якія святкаваліся максімальна публічна, Вігілія мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. На вячэру збіраліся пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе будучы год; пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. На Вігілію плялі саламяных “павукоў”, якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі (“каляду”). У залежнасці ад дабрабыту сям’і, на В. падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. Асноўнымі кампанентамі вігілійных страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушоных фруктаў, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г.д.), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі, і інш. У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты (“цукры”), арэхі, віно, з ХІХ ст. – гарбата.

Многія стравы і рытуалы Вігіліі, асабліва куцця, носяць вельмі архаічны характар, і адаптаваныя касцёлам да патрэбаў хрысціянскай рэлігіі пад час працяглага змагання з паганствам.

Крыніцы

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Каталіцкія святы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле