Вялі́кае Астраві́та — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Сосніца, прыкладна за 50 км у напрамку на паўночны ўсход ад Полацка, у межах гідралагічнага заказніка «Глыбокае—Чарбамысла, Вялікае Астравіта» («Глыбокае—Вялікае Астравіта»[1]).
Плошча паверхні возера 0,48 км². Даўжыня 1,22 км, найбольшая шырыня 0,57 км. Даўжыня берагавой лініі 3,3 км. Найбольшая глыбіня 6 м, сярэдняя 3,1 м. Аб′ём вады 1,5 млн. м³. Плошча вадазбору 1,1 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны на поўначы і ўсходзе вышынёй 10—11 м, на захадзе 4—5 м, стромкія. Паўднёвыя схілы спадзістыя, вышынёй да 3 м. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі зліваюцца са схіламі катлавіны, пясчаныя. Паўднёвыя берагі тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыбіні 2 м пясчанае. Да глыбіні 3 м дно возера выслана апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Вада вызначаецца нізкай мінералізацыяй (менш за 20 мг/л) і вялікай празрыстасцю (да 5,3 м). Возера мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Арганічнае жыццё развіта слаба. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шырынёй да 10 м. Дно да глыбіні 5 м расце ахоўны від раслін — палушнік азёрны, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь[2].
Іхтыяфаўна бедная. У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь.