wd wp Пошук:

Вышэйшая адукацыя

Вышэйшая адукацыя, вышэйшая прафесійная адукацыя — вышэйшы ўзровень прафесійнай адукацыі, наступны пасля сярэдняй агульнай ці сярэдняй прафесійнай адукацыі ў трохузроўневай сістэме. Уключае ў сябе сукупнасць сістэматызаваных ведаў і практычных навыкаў, якія дазваляюць вырашаць тэарэтычныя і практычныя задачы па прафесійным профілі. У адрозненні ад агульнай, вышэйшая адукацыя не з’яўляецца ўсеагульнай і тым больш бясплатнай.

Структура і форма навучання

Сістэма вышэйшай адукацыі ў розных краінах асноўваецца на адна-, двух-, трох і чатырохузроўневай структуры. Пры чатырох узроўнях выпускнікі з вышэйшай адукацыяй дзеляцца на бакалаўраў ці спецыялістаў, магістраў і дактароў філасофіі. Пры трохузроўневай сістэме адукацыі (напрыклад, у Расіі), падзел адбываецца на бакалаўраў, магістраў і асоб з вучонай ступенню.

Вышэйшаю адукацыю можна атрымаць па дзённай, завочнай, дзённа-завочнай, вячэрняй ці свабоднай формах навучання, а таксама ў форме экстэрната. Пры гэтым у некаторых краінах у залежнасці ад формы і мэт навучання, колькасці абраных дысцыплін, узроўню падрыхтоўкі і г.д., адбываецца падзел студэнтаў на «рэгулярных», «умоўных», «спецыяльных», «выпадковых», «вольных» і інш.

У залежнасці ад формы навучання, краіны, сістэмы і профілю тэрмін навучання для атрымання вышэйшай адукацыі складае ад 4 да 9 гадоў.

Вышэйшая адукацыя ў Беларусі

У Беларусі дзве вядучыя ВНУ ў нацыянальнай сістэме адукацыі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, заснаваны 30 кастрычніка 1921 года, і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, заснаваная 29 студзеня 1991 года. Статус вядучай ВНУ ў краіне замацаваны заканадаўствам і мае два віды: вядучая ВНУ ў нацыянальнай сістэме адукацыі і вядучая ВНУ ў галіне. Статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў галіне мае некалькі ВНУ, у тым ліку Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

У Беларусі студэнты ВНУ маюць магчымасць атрымліваць акадэмічныя ступені бакалаўра і магістра, але рэспубліка, у адрозненні ад большасці астатніх еўрапейскіх краін, не з’яўляецца удзельніцай Балонскага працэсу.

Выпускнікі ВНУ могуць працягнуць навучанне і атрымаць пасляўніверсітэцкую адукацыю, паступіўшы ў аспірантуру і потым у дактарантуру. Акрамя гэтага, магчыма праходжанне курсаў перакваліфікацыі і атрымання другой вышэйшай адукацыі.

У 2011/2012 навучальным годзе ў краіне працавала 55 вышэйшых навучальных устаноў. На першай ступені вышэйшай адукацыі навучалася каля 446 тысяч студэнтаў, на другой — 5 тысяч (магістранты).[1]

У 1992 годзе ў Мінску быў заснаваны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. У 2004 годзе ён быў вымушаны спыніць працу ў Беларусі і з 2005 года дзейнічае ў Вільнюсе.[2]

Зноскі

  1. Інфаграфіка БЕЛТА: Колькі студэнтаў у Беларусі
  2. Афіцыйны сайт ЕГУ: Ліст рэктара Анатоля Міхайлава Архівавана 21 чэрвеня 2012.
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Вышэйшая адукацыя