Ждано́віцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мінскага раёна Мінскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Ждановічы.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Бараўскі сельсавет у складзе Заслаўскага раёна Мінскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Баравая. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Заслаўскім раёне БССР. 18 студзеня 1931 года ўключаны ў гарадскую рысу горада Мінска. З 26 мая 1935 года ў складзе Мінскага раёна. Пасля ўвядзення абласнога падзелу 20 лютага 1938 года ў Мінскім раёне Мінскай вобласці. У 1938 годзе цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Масюкоўшчына. 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Ждановічы, сельсавет перайменаваны ў Ждановіцкі[1]. 20 студзеня 1960 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Ратамскага сельсавета і частка скасаванага Мядзвежынскага сельсавета (10 населеных пунктаў: Бараноўшчына, гадавальнік Бараноўшчына, Дзегцяроўка, Красны Бор, Кунцаўшчына, Ляхаўшчына, Мядзвежына, Тарасава, Цівалі і Яркова)[2]. 9 жніўня 1979 года да сельсавета далучана частка скасаванага Заслаўскага сельсавета (4 населеныя пункты: вёскі Валоўшчына, Ганалес, пасёлкі Зялёнае і Крыжоўка)[3]. 8 красавіка 2004 года ў склад горада Мінска ўключаны вёскі Зара Рэвалюцыі, Масюкоўшчына, Кунцаўшчына, Ржавец і частка вёскі Ждановічы[4]. 30 снежня 2009 года скасавана вёска Ратамка[5]. 6 сакавіка 2014 года ўтвораны пасёлак Васток[6].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 14623 чалавекі[7], з іх 83,5 % — беларусы, 8,0 % — рускія, 1,1 % — украінцы, 0,7 % — палякі[8].