wd wp Пошук:

Вера Бурлак

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бурлак. Вера Бурлак (нар. 2 красавіка 1977, Кіеў; Псеўданімы: Джэці) — беларуская паэтэса, літаратуразнаўца.

Біяграфія

Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, філалагічны факультэт БДУ (2001), аспірантуру (2004). Кандыдат філалагічных навук (2005), сфера даследавання — дзіцячая літаратура «срэбнага веку»[1]. Выкладае рускую літаратуру ў БДУ. З 1997 года нязменна галоўная рэдактарка самвыдавецкага часопісу «Вясковыя могілкі»[1]. Жыве ў Мінску.[1]

Творчасць

Вершы піша з дашкольных гадоў, актыўна друкавацца пачала ў 2001 годзе. Аўтар кніг паэзіі «За здаровы лад жыцьця!»[1] (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, сумесна з мужам Віктарам Жыбулем), кнігі прозы «Творы соннага жанру» (2011), аўдыёкнігі Phantom of the Literature (2006). Кнігу «Дзеці і здані» (2012) склалі вершы, замалёўкі і п’ескі, асобныя творы вызначаюцца іранічнай танальнасцю, разбурэннем літаратурных стэрэатыпаў, эксперыментальным пошукам.

Займаецца літаратуразнаўствам, даследуе паэзію для дзяцей, выдала манаграфію «Детская поэзия Серебряного века: Модернизм» (2004). Зрабіла шэраг перакладаў паэзіі і прозы з англійскай, рускай, украінскай моў. У яе перакладзе выйшла кніга Льюіса Кэрала «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса».

Творы Веры Бурлак перакладалі на англійскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, чэшскую і мову эсперанта.

Выступае як аўтарка і выканаўца ўласных песень, як вакалістка і інструменталістка (гітара, клавішы) арт-панк-гурту «Засралі казарму». Супрацоўнічае з «ансамблем непапулярнай музыкі» «Рацыянальная дыета». Выканаўца галоўнай ролі ў п’есе «Янко крУль албАнскай» Іллі Зданевіча, пастаўленай гэтым калектывам.

Удзельнічала ў міжнародных праектах «Вечар маладых паэтаў Беларусі» (Расія, Масква, 2001), «Сувязьразрыў» (Украіна-Беларусь, 2004), «Парадак слоў» (Мінск, 2006, 2007), «Дні беларускай і шведскай паэзіі» (Мінск-Гродна-Пінск, 2007), «Месяц аўтарскага чытання» (Брно, 2007) і інш.

Прэміі і ўзнагароды

Лаўрэатка Прэміі Шэрмана — 2018 за паспяховы сінтэз перакладчыцкіх тэхнік пры пераўвасабленні мастацкага ўніверсуму Льюіса Кэрала ў перакладзе кнігі «Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса». Уручэнне прэміі адбылося 25 кастрычніка 2018 года. Лаўрэатка прэміі Цёткі ў намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» за кнігу вершаў «Фантазюркі».

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Мартысевіч М. Мармазяўр…

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Кандыдаты філалагічных навук
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1977 годзе
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 2 красавіка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі імя Карласа Шэрмана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кіеве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУ