Варо́ніцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Полацкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Варонічы.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Варонецкі сельсавет у складзе Ветрынскага раёна Полацкай акругі БССР. Цэнтр — вёска Варонеч. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Ветрынскім раёне БССР. З 8 ліпеня 1931 года ў складзе Полацкага раёна БССР, з 12 лютага 1935 года ў складзе адноўленага Ветрынскага раёна БССР, з 21 чэрвеня 1935 года — Полацкай акругі, з 20 лютага 1938 года — Віцебскай вобласці, з 20 верасня 1944 года — Полацкай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Віцебскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года сельсавет у складзе Ушацкага раёна, з 25 снежня 1962 года — у складзе Полацкага раёна. 3 ліпеня 1970 года ў склад сельсавета з Руднянскага сельсавета перададзены 9 населеных пунктаў (Белы Двор, Грыцкаўшчына, Заполле, Заскаркі, Касарова, Кунцэвічы, Лагані, Мар’янполле і Усомля)[1]. 24 верасня 2008 года скасавана вёска Загорцы[2].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1716 чалавек[3], з іх 89,5 % — беларусы, 8,7 % — рускія, 0,9 % — украінцы[4].