wd wp Пошук:

Вайна за незалежнасць Інданезіі

Гісторыя Інданезіі
Храналогія

Вайна за незалежнасць Інданезіі — узброены канфлікт паміж Інданезіяй з аднаго боку і Галандыяй і Вялікабрытаніяй з другога. У выніку вайны была прызнана незалежнасць Інданезіі. Вайна за незалежнасць Інданезіі абышлася галандцам у 25 тысяч забітых і параненых вайскоўцаў, інданезійцам — прыкладна ў 80 тысяч, паводле іншых дадзеных, апублікаваных у галандскім друку — да 300 тысяч інданезійцаў, англічанам — у 556 чалавек забітымі і 1393 параненымі.

Перадумовы

Інданезія ўваходзіла ў склад галандскай каланіяльнай імперыі. Некалькі стагоддзяў яна несла цяжкі каланіяльны прыгнёт, што не падабалася самім інданезійцам. У пачатку XX стагоддзя ў Галандскай Ост-Індыі ўзнік шэраг нацыяналістычных партый, што змагаліся за незалежнасць дзяржавы[2]. У 1913 годзе ўзнікла партыя «Індышэ партай». У 1918 годзе была распачата чарговая спроба забяспечыць дзяржаве незалежнасць і з’явілася новая нацыяналістычная партыя. Урад Галандыі гэтым разам вырашыў паступіць іначай і запрасіў інданезійскую моладзь у Галандыю для далейшага навучання з мэтай «выгадаваць» з іх пакорлівы галандцам інданезійскі ўрад[2]. Аднак у 20-е гады XX стагоддзя цяпер ужо камунізм у Інданезіі набыў шмат прыхільнікаў і стаў самым важным палітычным рухам. Сімпатызаваўшая інданезійскім камуністам галандская кампартыя праводзіла агітацыі ў падтрымку Інданезіі і патрабавала прызнаць яе незалежнасць[2]. Але пасля паўстання на Яве 1926-1927 гадоў тысячы інданезійскіх камуністаў былі арыштаваны і адпраўлены ў канцлагеры[2].

К таму часу Сукарна, адзін са студэнтаў, адпраўленых у Галандыю[2], вярнуўся назад у Інданезію і заняў кіруючую пасаду. У Другую сусветную вайну ён актыўна супрацоўнічаў з японцамі, дапамагаў ім, спадзеючыся на тое, што яны вызваляць Інданезію[1][2]. Большасць салдат родам з Ост-Індыі к таму часу была ўведзена ў зман лозунгам «Азія для азіятаў» і не аказвала супраціўлення. Японцы з лёгкасцю акупіравалі рэгіён, не даўшы Інданезіі ніякай незалежнасці.

Пасля капітуляцыі Японіі 15 жніўня 1945 года інданезійскія патрыёты на чале з Сукарна вырашылі абвясціць незалежнасць дзяржавы[1]. Сітуацыя склалася зручная: аслабленая вайной Еўропа не мела дастатковых сіл для падаўлення мяцяжу, насельніцтва па-ранейшаму падтрымвала ідэю незалежнасці.

Ход вайны

Пачатак вайны. Уварванне англічан

17 жніўня 1945 года Сукарна ў аднабаковым парадку абвяшчае незалежнасць Інданезіі. Вялікабрытанія вырашыла падтрымаць Галандыю ў змаганні супраць мяцяжу. Гэта тлумачыцца тым, што пасля Другой сусветнай у Інданезіі засталося шмат англійскіх ваеннапалонных, і іх трэба было вярнуць, апроч таго на астравах знаходзілася мноства японцаў, якія капітулявалі і якіх трэба было дэпартаваць у Японію. 29 верасня таго ж года англійскія часткі высадзіліся ў горадзе Батавія (суч. Джакарта). У Інданезіі яны сутыкнуліся са многімі праблемамі: з адсутнасцю транспарта, непрыязнасцю мясцовага насельніцтва, мясцовымі вайсковымі групоўкамі, што ваююць з усімі, у тым ліку і адна з адною. У такіх умовах англійскі генерал Крысцінсан вырашыў не ўступаць у вайну з самаабвешчанай рэспублікай, прызнаўшы дэ-факта яе існаванне. Аднак 4 кастрычніка ў Батавіі высадзіліся часткі галандскай арміі. Яны пачалі знішчэнне ўсіх мясцовых груповак. У іх мэты таксама ўваходзіла перападначаленне Інданезіі Галандыі. Пачала расці колькасць узброеных сутыкненняў. На Суматры пачалася партызанская вайна. Потым, з шырэйшым размахам, яна пачалася і на Яве. 10 кастрычніка трапіў у засаду і быў знішчаны патруль Вялікабрытаніі. У той жа дзень пачаўся штурм горада Семаранг, які належаў інданезійцам. У штурме ўзялі ўдзел японскія ваеннапалонныя. 15 кастрычніка горад паў, і многія інданезійскія вайскоўцы адступілі ў джунглі. 25 кастрычніка ў горад Сурабая была ўведзена англійская пяхотная брыгада дзеля раззбраення мясцовага насельніцтва, але ім было аказана супраціўленне. Асобныя сутычкі перараслі ў вулічныя баі. 27 кастрычніка ў горадзе англійскія ўлады ўвялі аблогавае становішча. 28 кастрычніка у Сурабаю ўвайшлі галандскія каланіяльныя часткі. З гэтага дня па ўсёй краіне рэзка павялічылася колькасць сутычак. 9 лістапада з Індыі, падначаленай Вялікабрытаніі, прыбылі першыя індыйскія каланіяльныя часткі, што змагаліся за англічан і галандцаў. 10 лістапада з мора Сурабая была абстраляна карабельнай артылерыяй, потым англійскія знішчальнікі здзейснілі шэраг налётаў на кварталы горада, што ўтрымліваліся інданезійцамі, пасля чаго пачаўся генеральны штурм. 25 лістапада байцы Сукарна пакінулі Сурабаю і адступілі ў джунглі. 3 сакавіка 1946 года саюзнікамі на востраве Балі быў высаджаны дэсант. К вясне гэтага ж года англічане пачалі згортваць свае сілы. 20 мая апошнія брытанскія ваеннапалонныя пакінулі мяцежную дзяржаву. Салдаты Вялікабрытаніі адправіліся на радзіму.

Першая каланіяльная вайна, ці першая паліцэйская акцыя

У кастрычніку 1946 інданезійскі ўрад пачаў весці перагаворы з галандцамі. Перагаворы завяршыліся 25 сакавіка 1947 года падпісаннем Лінгаджацкага пагаднення. Галандыя прызнала існаванне Інданезійскай рэспублікі дэ-факта. Пад канец мая Галандыя звяртаецца да Інданезіі з патрабаваннем перадаць у яе рукі ўсё палітычна-вайсковае кіраванне краінай. З-за гэтага ў Джакарце пачынаецца палітычны крызіс. У чэрвені Сукарна выдаў дэкрэт пра ўступленне ўсіх узброеных фарміраванняў на тэрыторыі Інданезіі ў Нацыянальную армію Інданезіі і адхіляе патрабаванні галандцаў. 20 ліпеня Галандыя разрывае Лінгаджацкія пагадненні і нападае на Інданезію. У інданезійскай гісторыі гэта падзея атрымала назву «Першая каланіяльная вайна», а ў галандскай — «першая паліцэйская акцыя». Пачаліся масавыя авіяналёты галандцаў на Інданезію. Толькі 22 ліпеня было здзейснена 15 налётаў на Чэрыбон. 4 жніўня галандцы высадзілі дэсант у цэнтры Явы. Ішлі бязлітасныя баі. 9 снежня 1947 года на востраве Ява галандскія вайскоўцы знішчылі некалькі сот мірных жыхароў, за што пазней урад Нідэрландаў папрасіў прабачэння[3]. Між тым у вайну ўмяшалася ААН. 17 студзеня былі падпісаны Рэнвільскія пагадненні. Быў ізноў на кароткі прамежак часу ўстаноўлены мір. Галандыя працягвала блакаду Інданезіі. 18 верасня таго ж года адбылося ўзброенае паўстанне ў стане інданезійцаў. Паўстала кампартыя Інданезіі ў горадзе Мадыун. Аператыўныя дзеянні «Сілавангі» спынілі бунт. Былі знішчаны ўсе прадстаўнікі кампартыі.

Другая каланіяльная вайна, ці другая паліцэйская акцыя

Заўважыўшы аслабленне Інданезіі, Галандыя вырашыла раз і назаўжды захапіць Ост-Індыю. 19 снежня пачалася т. зв. «Другая каланіяльная вайна», ці «другая паліцэйская акцыя». У той жа дзень на аэрадроме Магуво быў высаджаны галандскі дэсант колькасцю 2500 чалавек. Аперацыя для інданезійцаў аказалася настолькі нечаканай, што супраціўлення не было. У 15:00 была захоплена сталіца Інданезіі. Сукарна быў схоплены і адпраўлены ў Батавію на самалёце. 24 снежня галандцы захапілі востраў Ява. 25 снежня была захоплена палова Суматры. Інданезійцамі быў скліканы Надзвычайны кабінет. Супраціўленне на Яве к таму часу ўзначаліў Насутыён. Да лютага 1949 усе галандскія войскі былі загнаны ў гарады інданезійскімі партызанамі. Узмацніўся ціск на Галандыю з боку ААН. У жніўні было падпісана перамір’е.

Вынік

З 23 жніўня па 2 лістапада 1949 года ў Гаазе праходзіла мірная канферэнцыя. 27 снежня 1949 года Інданезія была прызнана незалежнай дзяржавай пад назвай Злучаныя Штаты Інданезіі, якая ўваходзіла ў склад Нідэрландска-Інданезійскага Саюза. Частка Новай Гвінеі па-ранейшаму заставалася пад пратэктаратам Галандыі. У выніку вайны Галандыя страціла значныя тэрыторыі ў Паўднёва-Усходняй Азіі і пацярпела сур’ёзнае паражэнне, панёсшы значныя страты. Інданезія дабілася незалежнасці.

Зноскі

  1. 1 2 3 Михаил Жирохов, Александр Котлобовский; Индонезия. Война за независимость
  2. 1 2 3 4 5 6 Колониализм Архівавана 16 верасня 2008.
  3. Нидерланды извинились за резню в Индонезии в 1947 году
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Войны XX стагоддзя
Катэгорыя·Войны Нідэрландаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войны Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Войны Інданезіі
Катэгорыя·Войны за незалежнасць