wd wp Пошук:

Будынак Рэспубліканскага Палаца піянераў і школьнікаў

Рэспубліканскі Палац піянераў і школьнікаў — комплекс будынкаў у Мінску, размешчаных на рагу вуліц Энгельса і вуліцай Кірава (№ 26, 24/16). Будынак прыклад творчага выкарыстання элементаў класіцыстычнай архітэктурнай спадчыны. Цяпер у будынку размяшчаецца Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача.

Гісторыя

Праект клуба будаўнікоў у Менску, 1932

Пабудаваны ў 1937 годзе (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін). Пры будаўніцтве выкарыстаны фундамент незакончанага клуба будаўнікоў (арх. І. Валадзько, А. Воінаў, А. Крылоў і М. Гіляраў[1]). Разбураны ў Вялікую Айчынную вайну.

Адноўлены ў 1947—1952 гады (архіт. А. Воінаў, Л. Усава, В. Кулін). На базе відовішчнай групы памяшканняў у 1956 годзе створаны Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача імя 50-годдзя камсамола Беларусі (вул. Энгельса, 26; архіт. А. Воінаў, Л. Усава).

У 1962 годзе прыбудаваны новы корпус па вуліцы Кірава (архітэктар Э. Левіна), у якім размешчаны спартыўная і актавая залы, памяшканні для гуртковай работы.

У 2009—2015 гадах была праведзена рэканструкцыя будынка. У час рэканструкцыі побач з асноўным будынкам па лініі фасада ўзвялі чатырохпавярховую прыбудову (вул. Энгельса, 26 к 10), дзе размясціліся бутафорскі, сталярны, слясарны цэхі, швейныя майстэрскія, а таксама рабочыя кабінеты супрацоўнікаў і частка грымёрных пакояў. Ідэя была падказана пасляваенным праектам аднаўлення Палаца піянераў архітэктараў Воінава і Усавай, які прадугледжваў ўзвядзенне новага корпуса ўшчыльную да існага будынка, але не быў рэалізаваны[2].

Адрэстаўраваны барэльефы на фасадах і ў інтэр’ерах, роспіс столі на тэму дружбы народаў у вялікім фае (ёлачнай зале)[2].

Архітэктура

План першага паверха
Адзін з рэльефаў на сюжэты піянерскага жыцця. А. Глебаў, 1940

Трохпавярховы будынак Палаца складаецца з двух прылеглых адзін да аднаго аб’ёмаў — відовішчнай і гурткова-клубнай груп памяшканняў, аб’яднаных вестыбюлем. Фасады апрацаваны пад шэры граніт, расчлянёны пілястрамі. У малюнак іх капітэляў была ўведзена піянерская сімволіка (афармленне зменена пры рэканструкцыі). Манументальны шасцікалонны порцік падкрэслівае галоўны ўваход. Закруглены і выступаючы вугал з вестыбюлем клубнай часткі завяршае аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю будынка.

Унутраная планіроўка заснавана на анфіладна-калідорнай сістэме. Галоўны вестыбюль быў аформлены скульптурным фрызам з шасцю гарэльефамі на сюжэты піянерскага жыцця (захаваліся толькі 2 фрагменты, якія перанесены на парапеты агароджы другога паверха). У аддзелцы інтэр’ера памяшканняў для работы гурткоў шырока выкарыстаны карнізы, разеткі і іншыя архітэктурна-дэкаратыўныя элементы. У афармленні залаў удзельнічалі скульптар А. Глебаў, мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч, У. Стальмашонак і інш.

Плафон «Дружба народаў»

На першым паверсе Палаца размясцілася ігратэка, гурток мяккай цацкі, класы харэаграфіі, скульптурны і харавы, бібліятэка, на другім — выставачная зала, музей гісторыі піянерскай арганізацыі, тэатр лялек, метадычны кабінет, гурток вязання і вышывання. Трэці паверх займаюць харэаграфічная зала, аркестровыя, адміністрацыйныя службы. Харэаграфічную залу ўпрыгожвае маляўнічы плафон на тэму «Дружба народаў» (1964 г., мастакі І. Ахрэмчык, І. Давідовіч; тэмпера). Паўсферычнае скляпенне, у ветразі якога ўпісаны 8 кампазіцый, адгароджана намаляванай балюстрадай. Гэты прыём звязвае ілюзорную прастору з рэальнай, стварае ўражанне глыбіні прасторы, «прарыву» скляпення. Каларыт роспісу цёплы з перавагай жоўтых, чырвоных, зялёных і блакітных таноў.

Зноскі

  1. Полет пролетарской фантазии. Нереализованные архитектурные проекты БССР межвоенного времени Архівавана 19 студзеня 2021.
  2. 1 2 ТЮЗ открывается после реконструкции премьерой «Синей птицы» Архівавана 6 мая 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Будынкі і збудаванні Аляксандра Воінава
Будынкі і збудаванні Любові Усавай
Вуліца Энгельса (Мінск)
Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму
З’явіліся ў 1937 годзе
Будынкі і збудаванні Элы Левінай
Будынкі і збудаванні Уладзіміра Вараксіна
1937 год у Мінску
Вуліца Кірава (Мінск)
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь