wd wp Пошук:

Бржэціслаў I

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Бржэціслаў. Бржэціслаў I (чэшск.: Břetislav I.; нарадзіўся паміж 1002 і 1005 — 10 студзеня 1055) — чэшскі князь з 1034 года з дынастыі Пржэмысловічаў. Сын чэшскага князя Ольдржыха (Удальрыха).

Біяграфія

Бржэціслаў I вёў актыўную знешнюю палітыку, ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі. Яшчэ ў кіраванне бацькі атрымаў Заходнюю Маравію (1029 год).

У паходзе 1030 года на Венгрыю германскага імператара падтрымлівалі чэшскія войскі пад правадырствам Бржэціслава.

У 1035 годзе Бржэціслаў дапамог імператару Конраду II у яго вайне супраць люцічаў.

Карыстаючыся беспарадкамі ў Польшчы пасля смерці Мешка II і зменай улады ў Германіі, Бржэціслаў напаў на Польшчу і захапіў Познань, разрабаваў Кракаў і Гнезна. Многіх палякаў забралі ў палон. На зваротным шляху ён заваяваў частку Сілезіі ўключаючы Уроцлаў. Насустрач арміі германскага караля Генрыха III, якая павінна была пакараць за гэты набег, Бржэціслаў паслаў у якасці закладніка свайго сына з абяцаннем самому прыбыць для прынясення прысягі. Германскі кароль Генрых III, які асцерагаўся ўзмацнення Бржэціслава, пачаў вайну супраць князя, які парушыў слова. Уварваўшыся ў 1040 годзе ў Багемію дзвюма арміямі, ён быў вымушаны адступіць пасля паражэння ў Багемскім лесе, бо Бржэціслаў атрымаў падмацаванне ад венграў.

У 1041 годзе Генрых III яшчэ раз трыма арміямі, з поўначы, захаду і поўдня, выступіў супраць Багеміі. Калі войскі ўсталі пад Прагай, Бржэціслаў быў вымушаны скарыцца, не атрымаўшы падтрымкі ад чэшскай знаці. 15 кастрычніка 1041 года ў пакаянных адзеннях ён прынёс прысягу на вернасць на імперскім сойме ў Рэгенсбургу, заплаціў штраф у 4000 марак золатам і быў адораваны ў якасці ленаў Багеміяй і дзвюма польскімі абласцямі — верагодна, часткай Сілезіі з Брэслау. Надалей ён на ўсё жыццё захоўваў вернасць Генрыху III, які часта бываў пры двары і падтрымліваў яго ваенныя мерапрыемствы. З гэтага часу Чэхія ўвайшла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі.

У 1042 годзе Бржэціслаў удзельнічаў у паходзе Генрыха III у Венгрыю супраць Абу Шамуэля. Паход скончыўся не вельмі паспяхова.

У 1044 годзе Бржэціслаў ізноў удзельнічае ў паходзе германскага караля ў Венгрыю. Гэтым разам Аба Шамуэль быў разбіты ўшчэнт, пасаджаны ў турму і затым пакараны смерцю.

У Польшчы ўмацаваў сваю ўладу Казімір I, прэтэнзіі якога на Сілезію германскі імператар спачатку адхіліў. Але паколькі Казімір, як сваяк Яраслава Мудрага і караля Андрэя Венгерскага быў у стане дамагчыся яе сілай, імператар у 1054 годзе загадаў князю Бржэціславу вярнуць Казіміру Брэслау і іншыя гарады Сілезіі за 500 марак срэбрам і 30 марак золатам штогадовай даніны, каб усталяваць паміж краінамі працяглы мір.

Бржэціслаў выкрадае Юдзіф з манастыра.
Грабніца Бржэціслава I

У 1054 годзе Бржэціслаў I выдаў закон, паводле якога Багемія павінна была заставацца надалей непадзельным княствам: найстарэйшы ў родзе павінен уступаць пераемна на прастол, а іншыя князі — быць надзяленымі ўдзеламі ў Маравіі (Lex Brzetislawii). Гэты закон аб пераходзе ў спадчыну прастола, які даваў нагоду да частых спрэчак, праіснаваў да 1216 года, калі кароль Пржэмысл Отакар I увёў закон аб пераходзе спадчыны да старэйшага сына.

У 1055 годзе Бржэціслаў памёр у Хрудзіме падчас падрыхтоўкі да ўварвання ў Венгрыю. Пасля смерці Бржэціслава яго старэйшаму сыну Спытыгневу імператарам была падаравана ў лен Баварыя.

Шлюб і дзеці

Бржэціслаў ажаніўся з сястрой маркграфа Швейнфурта Атона Белага Юдзіф (пам. 1058). Дзяўчына была выкрадзена Бржэціславам з баварскага манастыра, які стаіць на рацэ Майн.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #12252943X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 сакавіка 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #12252943X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  3. 1 2 3 Lundy D. R. The Peerage

Спасылкі

Папярэднік
Ольдржых (Удальрых)
князь чэшскі
10341055
Пераемнік
Спытыгнеў II
Тэмы гэтай старонкі (15):
Князі мараўскія
Дынастыя Пржэмысловічаў
Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя
Асобы
Нарадзіліся ў 1005 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Пахаваныя ў Саборы Святога Віта
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў Празе
Пржэмысловічы
Памерлі ў 1055 годзе
Князі чэшскія
Памерлі 10 студзеня
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі