Бе́рца — возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Абабіца, за 20 км у напрамку на паўночны ўсход ад Браслава, за 0,65 км ад мяжы з Латвіяй. Належыць да Абабіцкай групы азёр і знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры».
Плошча паверхні возера 0,42 км². Даўжыня 1,35 км, найбольшая шырыня 0,52 км, даўжыня берагавой лініі 3,83 км. Найбольшая глыбіня 3,7 м, сярэдняя каля 2,5 м. Аб’ём вады ў возеры 1,06 млн м³. Плошча вадазбору каля 9 км².
Катлавіна возера лопасцевай формы, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны дасягаюць месцамі вышыні 10—15 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі зліваюцца са схіламі катлавіны.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. У паўночнай частцы ў Берцу ўпадае ручай з возера Барвінок. На паўднёвым захадзе злучана пратокай з возерам Дубра. Надводная расліннасць распаўсюджваецца да адлегласці 12 м ад берага возера.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, плотка, гусцяра, лінь і іншыя віды рыб