Бе́ражна[1] (трансліт.: Bieražna, руск.: Бережно) — вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Мірскага сельсавета.
У пісьмовых крыніцах згадваецца з першай чвэрці XVI стагоддзя. Паводле мясцовага падання, першым жыхаром Беражна быў рыбак. У першай палове XVI стагоддзя належала маршалку дворнаму Юрыю Іванавічу Ільінічу. Уваходзіла ў склад маёнтка Мір. Існавалі прыстань на Нёмане, склады («спіхлеры») для тавараў. Беражна размяшчалася на гандлёвым шляху Менск—Мір. У 1526 годзе згадваецца як адзін з пунктаў на шляху аўстрыйскага пасла Сігізмунда Герберштэйна ў Маскву. У XVII—XVIII стагоддзях у складзе Мірскага графства Новагародскага ваяводства. У 1647 годзе ў Беражна 24 двары.
У 1793 годзе, у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, у інкарпаравана склад Расійскай імперыі, вёска Навагрудскага павета Мінскай губерні. Жыхары вескі займаліся земляробствам, сплавам лесу, лавілі рыбу. Мелі вядомасць мясцовыя лоцманы. У час Першай сусветнай вайны вёска з 1915 да снежня 1918 гадоў акупіравана германскімі войскамі і ўваходзіла ў склад Обер-Оста, рэгіён Беласток-Гродна. У снежні 1918 года раён вёскі заняты часткамі РСЧА. З 1 студзеня да 27 лютага 1919 года вёска ўваходзіла ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. З 27 лютага да красавіка 1919 года ў складзе Літоўска-Беларускай ССР.
У красавіку 1919 года вёска занята польскімі войскамі. З ліпеня 1919 года да верасня 1920 года вёска зноў пад кантролем савецкай улады, але ў выніку польскага наступлення ў вёсцы ўстаноўлена польская ўлада. Вёска ўвайшла ў склад новаўтворанага Баранавіцкага павета Брэсцкай акругі Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх земляў (ГУУЗ). З 12 снежня 1920 да 1939 гадоў вёска ўваходзіла ў Стаўбцоўскі павет Упраўлення прыфрантавых і этапных тэрыторый, а з 4 лютага 1921 года ў Навагрудскім ваяводстве. У 1928 годзе тут адкрыта сельскагаспадарчая школа па падрыхтоўцы хатніх гаспадынь, якая валодала 29 га зямлі. Маёнтак у Беражна належаў палкоўніку Тамялоўскаму.
У верасні 1939 года, у выніку польскага паходу РСЧА, вёска перайшла да СССР і ўвайшла ў склад Баранавіцкай вобласці Беларускай ССР.
У час Вялікай Айчынай вайны ў чэрвені 1941 года акупіравана нямецкімі войскамі. Вызвалена ў ліпені 1944 года часцямі РСЧА ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 года.
У савецкі час і ў канцы XX стагоддзя ў вёсцы працавала пачатковая школа.