wd wp Пошук:

Беліз

Белі́з (англ.: Belize [bɛˈliːz]) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, на заходнім узбярэжжы Карыбскага мора. Мяжуе на поўначы з Мексікай, на захадзе — з Гватэмалай. Да 1973 года насіў назву Брытанскі Гандурас. Займае плошчу ў 22 800 км² і мае 360 тыс. чалавек насельніцтва (2017). У Белізе самая нізкая ў Цэнтральнай Амерыцы шчыльнасць насельніцтва. Прырода Беліза незвычайна біялагічна разнастайная. Сучаснае насельніцтва склалася цягам складаных гістарычных працэсаў і ўяўляе сабою мульцікультурную супольнасць. Дзяржаўная мова — англійская, распаўсюджаны крэольская і іспанская. Член Брытанскай Садружнасці, на чале дзяржавы брытанскі манарх. Беліз вядомы сваімі вераснёўскімі святамі, шырокімі бар’ернымі каралавымі рыфамі і пунта-музыкай.

Этымалогія

Ёсць тры версіі паходжання назвы «Беліз»: ад назвы ракі Беліз, на мове мая be’lix, азначае «мутная вада»; ад няправільнага вымаўлення канкістадорамі прозвішча Пітэра Уолеса, англійскага пірата XVIII стагоддзя; магчыма, назву прывезлі з сабой рабы з Конга, бо ў суседняй Анголе таксама ёсць Беліз.

Геаграфія

Беліз размешчаны у паўднёва-ўсходнім перадплеччы паўвострава Юкатан. Мяжуе на поўначы з Мексікай, на захадзе — з Гватэмалай. На усходзе абмываецца водамі Карыбскага мора. У паўднёвай частцы ўзбярэжжа мора ўдаецца ў сушу Гандураскім залівам і бухтай Аматыке, у паўночнай — бухтай Чатумаль. Уздоўж узбярэжжа на 300 км, на адлегласці ад 300 м на 40 км ад берага цягнецца Белізскі Бар’ерны рыф. Найбуйнейшы атол — Турнефэ.

Прырода

Паўночная, а таксама узбярэжная частка краіны — нізінная, забалочаная раўніна з мноствам азёраў і лагун. У паўднёвай частцы прыбярэжная раўніна аддзеленая ад унутранай гарыстай вобласці, цэнтральную частку якой утвораць выцягнутыя з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад горы Мая. Тут знаходзіцца другі найвышэйшы пункт краіны — пік Вікторыя (1120 м). На паўночны захад ад гэтых гор, у межах акругі Кайа, размешчаная града з вышынямі больш 900 м. Нетры вывучаны слаба.

Клімат Беліза — трапічны пасатны. Сярэднія тэмпературы ліпеня 24-26 °C, студзеня — 20-24&°C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў ад 1340 мм на поўначы (акруга Карасаль) да 4520 мм на поўдні (Пунта-Пунта-Горда). На ўзбярэжжы паўночна-ўсходні пасат змякчае летнюю спёку, але ўдалечыні ад берага ўлетку тэмпературы могуць перавышаць 38 °C. Вільготнасць высокая, асабліва ў прыбярэжнай частцы. Сухі сезон працягваецца з лютага па май, а максімум ападкаў прыходзіцца на перыяд з чэрвеня па кастрычнік. Беліз знаходзіцца ў адным з найбольш падвержаных трапічным цыклонам раёнаў Карыбскага басейна і перыядычна церпіць велізарную шкоду ад штармоў і ўраганаў.

На поўначы краіны працякаюць буйныя рэкі Рыа-Онда і Беліз, якія раней выкарыстоўваліся для транспартоўкі лесу. Ва ўзбярэжнай частцы шмат азёраў.

Бoльшая частка поўдня краіны пакрытая густымі вільготнымі трапічнымі лясамі. У вышэйшай частцы гор и на поўначы краіны распаўсюджаны хваёвыя лясы. У Белізе растуць шматлікія каштоўныя пароды дрэў, такія, як чырвонае дрэва, кедр, ружовае дрэва (дальбергія), сасна; у мінулым актыўна вяліся нарыхтоўкі кампешавага дрэва і смалы чыкле для вытворчасці жавальнай гумкі. У Белізе водзяцца шыраконосыя малпы, ягуары, браняносцы, буйныя ігуаны; з птуша — папугаі і калібры.

Вядомыя прыродаахоўныя тэрыторыі — Запаведнік ягуара і Прыбярэжны занальны музей, які дэманструе экспазіцыю экалогіі каралавых рыфаў. Разнастайнасць экасістэм вызначае ключавое месца Беліза ў «мезаамерыканскім біялагічным калідоры»

Гісторыя

Тэрыторыя сучаснага Беліза была адной з калысак цывілізацыі мая. У позні класічны перыяд мая (да канца I тысячагоддзя н. э.) тут пражывала каля 400 тыс. чалавек, існавалі буйныя гарады Ламанай і Лахмуль. Культура мая дасягнула росквіту ў IX стагоддзі. У X стагоддзі амаль усе мая пакінулі гэты рэгіён і мігравалі на поўнач паўвострава Юкатан.

Тэрыторыя сучаснага Беліза адкрыта Х. Калумбам у 1502. Іспанцы заспелі некалькі заняпалых плямёнаў мая, зрэшты, канкістадораў мала цікавіў забалочаны бераг, які ў выніку стаў прыстанішчам для англійскіх піратаў. Першая афіцыйная англійская калонія на беразе ракі Беліз паўстала ў 1638 годзе. Брытанскія мірныя перасяленцы нарыхтоўвалі кампешавае дрэва (з цэзальпініевых), якое давала фарбавальнік для ваўнянай прамысловасці Еўропы. Каланісты з вострава Ямайка прывозілі з сабой неграў-рабоў для працы на лесанарыхтоўках (экспартаваліся сандалавае і чырвонае дрэва) і плантацыях. Брытанія прызнавала за Іспаніяй суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй, але з шырокімі правамі для англійскіх перасяленцаў, што рабіла Беліз фактычна паўнезалежнай калоніяй. У 1798 годзе з поўначы ўварваўся іспанскі флот, але жыхары Беліза разграмілі захопнікаў. У пачатку 19 стагоддзя ўзмацніўся брытанскі адміністрацыйны кантроль, у выніку чаго тэрыторыя Беліза ў 1862 стала калоніяй Вялікабрытаніі пад назваю Брытанскі Гандурас (так называлася краіна 1840—1973 гг.). У 1964 Беліз атрымаў унутранае самакіраванне, у 1973 быў перайменаваны ў Беліз. 21 верасня 1981 была абвешчана незалежнасць.

У 1966 года Гватэмала высунула прэтэнзіі на тэрыторыю Беліза. Таму Брытанскі кантынгент ў 1500 ваеннаслужачых заставаўся ў Белізе да 1992, да тае пары, калі Гватэмала адмовілася ад сваіх прэтэнзіяў.

Дзяржаўны лад і адміністрацыйны падзел

Карта

Беліз — канстытуцыйная манархія з вестмістэрскай парламенцкай сістэмай. На чале дзяржавы фармальна знаходзіцца каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе урад, на чале з прэм’ер-міністрам. Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму нацыянальнаму сходу, які складаецца з Сената (12 членаў) і Палаты Прадстаўнікоў (31 член).

Унітарнае дзяржава, складаецца з 6 акругаў (дыстрыктаў).

Насельніцтва

Гісторыя фарміравання насельніцтва вызначалася ходам еўрапейскай каланізацыі, асаблівасці якой выліліся ў надзвычайную стракатасць этнічнага складу. Паўплывалі на этнічны склад і некаторыя палітычныя падзеі (напрыклад, большая значная кольскасць мая мігрыравала ў Брытанскі Гандурас подчас Вайны каст, што пачалася на паўвостраве Юкатан у 1847 годзе.

Танцоры гарыфуна
Насельніцтва падзяляецца на наступныя групы (паводле перапісу 2010 года): [метысы](/Метысы "Метысы") (53 %), англа-афрыканскія [крэолы](/Крэолы "Крэолы") (26 %), [мая](/Мая,_народ "Мая, народ") (11 %), [гарыфуна](/Гарыфуна "Гарыфуна") (6.4 %), азіяты (4 %) і іншыя (8,0 %). Калі скласці % усіх этнічных груп, выйдзе больш за 100 %, так як многія жыхары Беліза ўказваюць прыналежнасць да некалькіх груп. Этнічны склад вызначае незвычайнае шматмоўе. Сярод распаўсюджаных моваў — [англійская](/Англійская_мова "Англійская мова") — афіцыйная мова, гутарковая англа-крэольская, [іспанская](/Іспанская_мова "Іспанская мова"), гарыфуна і мовы мая. менш за палову (41 %, перапіс 2010) насельніцтва з’яўляюцца [католікамі](/Каталіцтва "Каталіцтва"), 31,5 % — пратэстанты. Доля прыхільнікаў пратэстантызму з году ў год узрастае.

Натуральны прырост насельніцтва вельмі высокі — 1,8 % (2017). Тым не менш, заселены Беліз досыць рэдка — тут самая нізкая ў Цэнтральнай Амерыцы шчыльнасць насельніцтва (15 чал. на кв.км), найменш заселены горы Мая, большая шчыльнасць на ўзбярэжжы і ў даліне ракі Беліз.

Гарадское насельніцтва, якое складае 44 % усяго насельніцтва (2017), сканцэнтравана ў буйнейшых гарадах — Беліз-Сіці (62 тыс. чал., 2016), Сан-Ігнасіа (20 тыс.), Бельмопан (17 тыс.).

Эканоміка

Грашовая адзінка — белізскі долар. ВУП на душу насельніцтва — каля 8400 даляраў (2017). Асноўны артыкул валютных даходаў — турызм (асабліва прывабны Беліз для аматараў сёрфінгу і падводнага плавання). За ім ідзе экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі (цытрусавых, трысняговага цукру, бананаў, дынь); морапрадуктаў і адзення. У 2006 годзе адкрыты радовішча нафты, ужо ў 2007 пачалася яе здабыча і экспарт (у 2012 — нафта склала 28 % экспарту). Тым не менш, электраэнергія, вырабленая ў Белізе, самая дарагая ў Цэнтральнай Амерыцы. Асноўны від электрастанцый — ЦЭС; на рэках Беліз і Макаль пабудаваныя ГЭС. Беліз з’яўляецца афшорнай зонай.

Некаторыя цікавінкі

Зноскі

  1. Belize: People (нявызн.) (недаступная спасылка). The World Factbook. Central Intelligence Agency. Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2013. Праверана 2018-29-03.
  2. Belize Country Profile: Human Development Indicators
Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Беліз
Канстытуцыйныя манархіі
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Дзяржавы паводле алфавіта