wd wp Пошук:

Банкс

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Банкс.

Востраў Банкс (англ.: Banks Island) — востраў на захадзе Канадскага Арктычнага архіпелага, тэрыторыя Канады. Аддзелены ад вострава Вікторыя на ўсходзе пралівам Прынца Уэльскага, а ад кантынента на поўдні — залівам Амундсена. Мора Бафорта ляжыць на захадзе. На паўночным усходзе праліў Мак-Клур аддзяляе яго ад астравоў Прынс-Патрык і Мелвіл.

Гісторыя назвы

Востраў Банкс з космасу

Названы ў 1820 годзе сэрам Уільямам Пары ў гонар сэра Джозефа Банкса. Тым не менш, падчас даследавання тэрыторыі, якое праводзіў Роберт Мак-Клур (1850-1854), востраў быў адзначаны на яго картах як «востраў Берынг».

Геаграфія

Адзінае сталае паселішча эскімосаў на востраве — гэта Сакс-Харбар або Ікхуак, размешчаны на паўднёва-заходнім узбярэжжы. Востраў Банкс займае тэрыторыю 70.028 км², па плошчы ён займае 24-е месца ў свеце і 5-е месца ў Канадзе. Ён амаль 380 км у даўжыню і да 290 км у шырыню. Паверхня — раўніны і плато вышынёй да 762 м. Вышэйшая кропка на востраве размешчана на поўдні, гэта гара Дарэм-Хайтс (англ.: Durham Heights), якая дасягае вышыні 730 м.

Найбуйнейшыя рэкі: Томсэн, Біг-Рывер і Бернард. Рэкі Біг-Рывер і Бернард цякуць на захад у Паўночны Ледавіты акіян, рака Томсэн — на поўнач у праліў Мак-Клур. Вялікія бухты — Дэ-Салі (на паўднёвым усходзе), Тысіджэр (на паўднёвым захадзе), Бернэт і Сторкерсан (на захадзе). Крайнія пункты: мыс Прынс-Альфрэд — на паўночным захадзе, мыс Келет — на паўднёвым захадзе, мыс Ламтон — на поўдні, мыс Расэл — на ўсходзе і мыс Ротслі — на поўначы.

Флора і фаўна

Клімат субарктычны. Тундравая расліннасць.

На востраве Банкс не растуць дрэвы, самая высокая расліна на востраве — вярба арктычная, якая зрэдку дасягае вышыні чалавечага калена, звычайна жа не вышэй за 10 см.

У 1961 на востраве заснавалі два запаведнікі пералётных птушак. На поўначы вострава размешчаны нацыянальны парк Алавік. На востраве Банкс жыве дзве трэці сусветнай папуляцыі малога белага гусака, гусі пералятаюць на востраў з мацерыка праз заліў Амундсена. На востраве таксама самая высокая ў свеце канцэнтрацыя аўцабыкаў — каля 70 тысяч. Першую партыю аўцабыкоў для Таймыра канадскія заолагі адлавілі ў жніўні 1974 года. У наваколлі Сакс-Харбар на іх ладзіцца штогадовае паляванне. Тут таксама можна сустрэць тундравых карыбу, белага мядзведзя і такіх птушак як вандроўны дрозд і ластаўка.

Менавіта тут упершыню ў свеце быў знойдзены гібрыд белага і бурага мядзведзя.

Гл.таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Астравы паводле алфавіта
Катэгорыя·Канадскі Арктычны архіпелаг