wd wp Пошук:

Асвейскае

Асве́йскае возера — самае паўночнае возера Беларусі і другое паводле плошчы сярод беларускіх азёр. Знаходзіцца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса.

Плошча возера 52,8 км², глыбіня да 7,5 м, даўжыня 11,4 км, шырыня да 7,8 км.

План Асвейскага возера. 1927

Катлавіна акруглай формы, водмелі чаргуюцца з паніжэннямі. У заходняй частцы возера знаходзіцца востраў Манастыршчына плошчай каля 5 км² — самы вялікі востраў на Беларусі. Даўжыня берагавой лініі 33,4 км. Берагі возера нізкія, тарфяністыя або пясчаныя. Упадае рака Выдранка і больш за 40 ручаёў.

Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу, мелкаводнае, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. Прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія 20 гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў — зніжэнне ўзроўню вады. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, у 1951 годзе на канале Дзегцяроўка было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой верагоднай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.

Возера Асвейскае — буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), нырка-сівака (Aythya ferina) і лыскі (Fulica atra). Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.

Над возерам

Возера выкарыстоўваецца ў рыбнай гаспадарцы, у рэкрэацыйных мэтах. З’яўляецца ядром Асвейскага ландшафтнага заказніка. На беразе Асвейскага возера знаходзіцца паляўніча-рыбалоўная база Верхнядзвінскай ЛПГ.

На беразе возера размясціўся гарадскі пасёлак Асвея, пасёлак Чапаеўскі і вёскі Вялікае Сяло, Асвеіца, Канчаны і іншыя.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Азёры Верхнядзвінскага раёна
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Азёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Азёры Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных