wd wp Пошук:

Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жураўскі. Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі (5 жніўня 1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 9 студзеня 2009) — беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР (1980). Доктар філалагічных навук (1968), прафесар (1970).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Янаўскую пачатковую школу, у 1935—1938 г. вучыўся ў Няклюдаўскай няпоўнай сярэдняй школе, у 1938—1941 — у Талачынскай сярэдняй школе № 1. У час Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Жураўскі разам з чатырма братамі Іванам, Васілём, Мікалаем, Казімірам удзельнічаў у партызанскім руху ў атрадзе брыгады Мікалая Гудкова, прымаў удзел ва ўсіх важнейшых баявых аперацыях. Падзеі вайны А. I. Жураўскі апісаў у кнізе «За родныя хаты» (1974).

У верасні 1945 паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які скончыў у 1950 г. і паводле рэкамендацыі вучонага савета быў залічаны ў аспірантуру Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную гісторыі форм загаднага ладу ў беларускай мове. Доктарская дысертацыя на тэму «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» абароненая ў 1968 г.

З 1953 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства ім. Я. Коласа АН БССР, займаў пасаду вучонага сакратара Інстытута мовазнаўства, загадчыка сектара тэрміналогіі, старшага навуковага супрацоўніка, а затым у 1960—1992 г. і загадчыка сектара (аддзела) гісторыі беларускай мовы, адначасова з 1974 г. — намеснік дырэктара, у 1983—1988 г. — дырэктар інстытута, у 1992—1996 г. — саветнік пры дырэкцыі інстытута, з 1997 г. — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. У 1985—1990 г. — старшыня Беларускага камітэта славістаў.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш.). Вывучаў пытанні нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Аўтар болей за 300 навуковых прац, у т.л. 15 манаграфій і слоўнікаў. Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—13, 1982—1993)[1].

Узнагароды і прэміі

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалём Францыска Скарыны, ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі БССР» (1978).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994, у аўтарскім калектыве) — за цыкл прац «Скарына і беларуская культура».

Выбраная бібліяграфія

Зноскі

  1. Беларусь, 1995

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
Дактары філалагічных навук
Нарадзіліся ў 1924 годзе
Мовазнаўцы СССР
Асобы
Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ
Нарадзіліся ў Талачынскім раёне
Памерлі ў 2009 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Нарадзіліся 5 жніўня
Партызаны Вялікай Айчыннай вайны
Славістыка
Вучоныя паводле алфавіта
Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Члены-карэспандэнты НАНБ
Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Памерлі 9 студзеня
Мовазнаўцы Беларусі