wd wp Пошук:

Аповесць пра Трышчана

«Аповесць пра Трышчана» — помнік беларускай перакладной літаратуры, папулярны сярэдневяковы рыцарскі раман.

Перакладзены на беларускую мову ў 2-й палове XVI ст. з сербскай крыніцы, на што ёсць прамое ўказанне ў загалоўку помніка (Починаєтсѧ повесть ѡ витезѭх / с книгъ сэрбъских а звлаща ѡ славномъ рыцэры Трысчан[е]…), якая ўзыходзіла да італьянскага арыгіналу, пра што сведчаць некаторыя лексічныя італьянізмы, якія захаваліся ў старабеларускім тэксце (прынчып→князь, морнар→моряк)[1]. Сербскае паходжанне старабеларускай аповесці пацвярджаецца таксама наяўнасцю ў тэксце шэрага лексічных сербізмаў, адзначаных Аляксандрам Брукнерам [2]. Італьянская даследчыца Э. Згамбаці ўстанавіла, што старабеларускі тэкст не прытрымліваецца ні адной з вядомых італьянскіх версій. Першыя тры чвэрці тэксту ўзыходзяць да венецыянскага італьянскага тэксту, а для апошняй чвэрці тэксту не выйшла выявіць ўзор у заходніх крыніцах. Такім чынам, старабеларускі тэкст паходзіць да розных, часткай невядомых крыніц і нават той сваёй часткай, якая ўяўляе сабой перапрацоўку венецыянскай версіі, можа быць далёка ад свайго арыгінала на некалькі рэдакцый і спісаў, пра якія нічога не вядома акрамя таго, што паміж старабеларускай і італьянскімі тэкстамі павінен быў існаваць і прамежкавы сербскі пераклад[3]. З-за таго, што першыя 6 старонак рукапісу вельмі пашкоджаны, ў публікацыях, у квадратных дужках без агаворак падаюцца абноўленыя рэканструкцыі, заснаваная на ўсіх выданнях тэкста. Беларускі пераклад збярогся ў Пазнаньскім рукапісным зборніку, у якім пад агульным загалоўкам («Повесть о витязях с книг сэрбских…») змешчана таксама «Аповесць пра Баву», а ў канцы — «Гісторыя пра Атылу» і тэкст поўнай рэдакцыі беларуска-літоўскай «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага».

У аснове рамана паэтычная кельцкая легенда пра ўзнёслае каханне рыцара Трыстана і каралевы Ізольды (у беларускай рэдакцыі — Трышчана і Іжоты), што ў шматлікіх літаратурных апрацоўках на працягу стагоддзяў бытавала сярод народаў Еўропы. «Аповесць» — унікальны славянскі варыянт літаратурнай апрацоўкі славутай легенды, помнік беларускай культуры XVI ст. Беларускі пераклад зроблены ў свецкім асяроддзі, вылучаецца творчым падыходам да тэксту, багаццем беларускай літаратурнай мовы таго часу. Беларуская рэдакцыя аповесці перакладзена на серскахарвацкую, італьянскую і англійскую мовы.

Публікацыі

Літаратура

Зноскі

  1. Brückner, A. Ein weissrussischert Codex miscellaneus der Gräflich-Raczyński’schen Bibliothek in Posen // Archiv für slavische Philologie. — 1886. — 9. — S. 373—374; Веселовский, А. Н. Из истории романа и повести… — С. 123—228; Карский, Е. Ф. Белорус : в 3 т. / Е. Ф. Карский; [ред. совет: Г. П. Пашков (гл. ред.) и др.]. Т. 3. Кн. 2: Очерки словесности белорусского племени / [ком. Т. И. Вабищевич, В. М. Казберука, О. П. Кричко]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 701 с. — С. 77—78. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі). — ISBN 978-985-11-0387-0; Radojičić, D. Der Roman von Tristan und Isolde inder altserbischen Literatur // Die Welt der Slaven. — 1956. — 1. — S. 177—180.
  2. Brückner, A. Ein weissrussischert Codex miscellaneus der Gräflich-Raczyński’schen Bibliothek in Posen… — S. 373—374.
  3. Sgambati, E. Note sul Tristano bielorusso // Ricerche Slavistiche. — 1977—1979, — 24—26. — P. 33—53; Sgambati, E. Il Tristano biancorusso…
  4. Адбітак з: Сборника Отделения русского языка и словесностиИмператорской Академии наук. Т. 44. № 3. — СПб., 1888. — С. 1—127 (Приложение)
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Літаратурныя творы на старабеларускай мове
Катэгорыя·Рыцарскія раманы
Катэгорыя·Беларуская перакладная літаратура
Катэгорыя·Беларуская літаратура XVI стагоддзя