wd wp Пошук:

Апалон на калядаванні

«Апалон на калядаванні» (польск.: Apollo po kolędze) — двухактавы драматычны абразок[1] Яна Чачота, напісаны ў канцы 1819 з нагоды імянінаў Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.

Сюжэт

Першы акт

У першым акце дзеянне адбываецца на плошчы перад ратушай.

Першая сцэна адкрываецца гутаркай багоў, якія чакаюць Эрату. У Апалона і музаў узнікаюць розныя прапановы пра месца яе знаходжання. Апалон выказвае думку аб тым, што Эрата ў манаскай келлі спакушае божых служак.

Другая сцэна, якая пачынаецца з прыходу Эраты, поўніцца развагамі пра тагачасны стан краснага пісьменства: лірычнай і эпічнай паэзіі. Затым, з ініцыятывы Апалона багі вырашаюць пераапрануцца і пайсці калядаваць. За дапамогай у арганізацыі сваёй прыгоды Апалон і музы звяртаюцца да Меркурыя. Затым Апалон і музы, разважаючы над паступовай заменай адных ідалаў іншымі, бачаць усю недасканаласць грамадства.

Другі акт

У другім акце дзеянне адбываецца ў доме, дзе звычайна праходзілі пасяджэнні філаматаў. Дзейнымі асобамі першае сцэны з’яўляюцца: Адам (Адам Міцкевіч), Тамаш (Тамаш Зан), Ян (Ян Чачот), Божыдар (Тэадор Ладзінскі), Ануфр (Ануфрый Петрашкевіч), Юзаф (Юзаф Яжоўскі), Яраш (Францішак Малеўскі), Эразм (Эразм Палюшынскі). Сцэна распачынаецца спрэчкай Адама і Тамаша.

Другая сцэна з’яўляецца кульмінацыйнаю. У ёй філаматы сустракаюцца з багамі і чытаюць свае паэтычныя творы. Найвышэйшую ацэнку аўтара атрымлівае Адам Міцкевіч за чытанне верша «Няхай радасць з вачэй нашых блісне». Апалон і хор муз двойчы прамаўляюць свае віншаванні да Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, услаўляюць іх род, продкаў, гавораць пра абранасць філаматаў, пра іх служэнне Айчыне, а таксама ўхваляюць іх літаратарскую дзейнасць. Затым слова даецца хору філаматаў, якія таксама віншуюць сяброў..

Рэцэпцыі антычнасці

Апалон, бог сонечнага святла, у творы паказаны як жартаўлівы, няўрымслівы шукальнік прыгодаў. Яго спадарожніцы — музы, прычым з традыцыйных дзевяці муз у творы фігуруе толькі пяць — усе яны апякункі пісьменніцкай дзейнасці: Эрата і Талія, Каліёпа, Мельпамена і Эўтэрпа. Па-за ўвага паэта засталася Палігімнія, што звязана з прыярытэтамі літаратарскай дзейнасці філаматаў. У Чачотавай інтэрпрэтацыі багі губляюць сваю велічнасць і становяцца звычайнымі асобамі з жарсцямі і недахопамі.

У творы назіраецца сінкрэтызм язычніцтва і хрысціянства: антычныя багі ў якасці калядоўнікаў удзельнічаюць у свяце Божага Раства.

У гэтым сцэнічным творы яскрава выяўляецца матыў антыклерыкалізму, уласцівы і іншым філаматам. У даным творы вуснамі музы Каліёпы аўтар гаворыць наступнае: «Я ўжо абміну крыжовыя паходы, да якіх намаўлялі манахі, наварачванне бяздольных інкаў цаною праліцця крыві.. Цэлы свет, як студэнт пад паказкаю Лаёлы, стагнаў, бядак… шмат вякоў пражыў свет, пакуль даведаўся аб мэце рэлігіі» (радкі 111—116)[2].

Беларускія пераклады

Зноскі

  1. Паводле жанравага вызначэння К. Цвіркі, «вадэвіль у двух актах… напісаны ў форме народнай каляднай містэрыі»
  2. Цьвяткоў, Л. Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб’яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1. — С. 64

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Творы Яна Чачота
Катэгорыя·Літаратурныя творы на польскай мове
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Творы 1819 года