wd wp Пошук:

Апалон-11

«Апало́н-11» (англ.: Apollo 11) — пілатуемы касмічны карабель серыі «Апалон», падчас палёту якога 16—24 ліпеня 1969 года людзі ўпершыню ў гісторыі здзейснілі пасадку на паверхню іншага нябеснага цела — Месяца.

20 ліпеня 1969 года, у 20:17:39 UTC камандзір экіпажа Ніл Армстранг і пілот Эдвін Олдрын пасадзілі месяцавы модуль карабля ў паўднёва-заходнім раёне Мора Спакою. Яны заставаліся на паверхні Месяца на працягу 21 гадзіны 36 хвілін і 21 секунды. Увесь гэты час пілот каманднага модуля Майкл Колінз чакаў іх на калямесяцавай арбіце. Астранаўты здзейснілі адзін выхад на паверхню Месяца, які працягваўся 2 гадзіны 31 хвіліну 40 секунд. Першым чалавекам, які ступіў на Месяц, стаў Ніл Армстранг. Гэта адбылося 21 ліпеня, у 02:56:15 UTC. Праз 15 хвілін да яго далучыўся Эдвін Олдрын.

Астранаўты ўстанавілі на месцы пасадкі сцяг ЗША, размясцілі камплект навуковых прыбораў і сабралі 21,55 кг узораў месяцовага грунту, якія былі дастаўлены на Зямлю. Пасля палёту члены экіпажа і ўзоры месяцовай пароды прайшлі строгі каранцін, які не выявіў ніякіх небяспечных для чалавека мікраарганізмаў. Паспяховае выкананне праграмы палёту «Апалона-11» азначала дасягненне нацыянальнай мэты, пастаўленай Прэзідэнтам ЗША Джонам Кенэдзі ў маі 1961 года — да канца дзесяцігоддзя ажыццявіць высадку на Месяц, і адзначыла перамогу ЗША ў месяцовай гонцы з СССР[1].

Зноскі

  1. Watkins, Billy W.; Haise, Fred (Foreword). Apollo Moon Missions: The Unsung Heroes. — Westport, Connecticut; London: Praeger Publishers, 2006. — P. XXII—XXIV. — 202 p. — ISBN 0-275-98702-7.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Касмічныя апараты
Праграма «Апалон»
Падзеі 21 ліпеня
Ліпень 1969 года
1969 год у касманаўтыцы
Падзеі 20 ліпеня
Даследаванне Месяца