wd wp Пошук:

Антацэротавыя імхі

Антацэротавыя імхі (Anthocerotophyta) — аддзел мохападобных раслін.

Апісанне

Старажытная група прымітыўных вышэйшых раслін, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцей. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі.

Рысамі прымітыўнай арганізацыі антацэротавых з’яўляюцца пласціністыя таломы (га­ме­тафіт) большай часткай разеткападобнай формы (даўжыня 1-3 см), клеткі якіх маюць пласціністыя хларапласты з піраноідамі, як у водарасцей. Слаявіна (талом) фотасінтэзуючая, цём­на-зе­лё­ная, шматразова вілавата галінуецца, сцелецца па грун­це. На ніжнім боку талома раз­віты аднаклетачныя рызоіды і вусцейкі (тыповыя для вышэйшых раслін). У падвусцейкавых паражнінах пасяляюцца цыанабактэрыі. На верх­нім боку талома раз­віваюцца ор­га­ны палавога раз­мнажэння: жаночыя (ар­хе­го­ніі) на­палову пагру­жаны ў тканку га­ме­тафіта, муж­чынскія (ан­тэрыдыі) размешчаны ў спецыяльных ка­ме­рах.

Спарафіт у антацэротавых добра развіты, мае выгляд доўгай вузкай каробачкі, заглыбленай у гаметафіт ступні і мерыстэматычнага слою паміж імі. Шматлікія шчацінападобныя, злёгку загну­тыя дыплоідныя спарафіты вы­рас­та­юць на верх­нім боку слаявіны. Унутры каробачкі ўтвараюцца споры і шматлікія ніткападобныя элатэры (раскідваюць спелыя спо­ры з каро­бач­кі). Каро­бач­ка адкрываецца звер­ху ўніз дзвюмя створ­ка­мі.

Пашырэнне

Аддзел уключае сямействы антацэротавых (Anthocerotaceae), натаціласавых (Notothyladaceae) і інш. Пашыраны ў трапічных і ва ўмераных цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі сустракаецца адзінае сямейства антацэротавых з 2 родамі — антацэрас (Anthoceros) і феацэрас (Phaeoceros).

Многія віды размнажаюцца вегетатыўна асаблівымі вырастамі слаявіны. Іншыя належаць да адналетнікаў, іх слаявіна разбураецца пасля выспявання і рассейвання спор.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Антацэротавыя імхі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам