У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хенкель.
Андрэа Хенкель (ням.: Andrea Henkel, па мужу Берк — англ.: Burke; нар. 10 снежня 1977, Ільменау, акруга Зуль, ГДР) — нямецкая біятланістка, уладальніца Кубка свету, двухразовая алімпійская чэмпіёнка 2002 года і 8-разовая чэмпіёнка свету. Малодшая сястра алімпійскай чэмпіёнкі па лыжных гонках Мануэлы Хенкель.
Завяршыла спартыўную кар’еру па заканчэнні сезона 2013/2014 гадоў, ва ўзросце 36 гадоў.
Андрэа Хенкель пачынала сваю спартыўную кар’еру ў лыжных гонках, але ў 1989 годзе перайшла ў біятлон. Член нацыянальнай зборнай: юніёрскай з 1994 года, асноўнага складу з 1998 года.
У сезоне 2006/2007 выйграла Кубак свету. Андрэа ўпэўнена пачала сезон, але да яго сярэдзіны, з-за хваробы, страціла лідарства, саступіўшы Ліндзе Грубен (якая не завяршыла сезон, сышла са спорту), Ганне Карын Улафсан і Каці Вільхельм. Тым не менш, яна змагла вырваць перамогу дзякуючы добраму выступу на апошніх этапах. Акрамя агульнага заліку, Андрэа выйграла таксама і малы «Хрустальны глобус» у індывідуальных гонках.