У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сіцынскі. Анастас Аляксандравіч Сіцынскі (11 кастрычніка 1862, г. Бабруйск — 1919) — беларускі акушэр-гінеколаг. Доктар медыцыны (1893), прафесар (1912)[1][2][3].
Нарадзіўся ў сям’і столаначальніка павятовага суда[4]. У чэрвені 1885 года паспяхова закончыў курс прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата. Праз два гады закончыў курс медыцынскіх навук у Маскоўскім універсітэце[1], удастоены ступені лекара і звання павятовага ўрача[4].
Працаваў сельскім урачом у Карэлічах і гарадскім урачом у Мінску ў 1887-91 гадах[1]. 8 мая 1893 года абараніў доктарскую дысертацыю ў ваенна-медыцынскай акадэміі на тэму: «Акушерская помощь в Минской губернии 1880—1890 гг.»[4].
З 1892 года працаваў у Пецярбургу[1]. Працуючы акушэрам Пецярбургскага дварцовага шпіталя, прымаў актыўны ўдзел у працы Таварыства мінскіх урачоў. У 1903 годзе яго выбралі ганаровым членам гэтага таварыства. Прымаў асабісты ўклад у стварэнні бібліятэкі таварыства[4].
З 1912 года ў Варшаве[1]. З 27 чэрвеня 1914 года прызначаны прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта на кафедры акушэрства і жаночых хвароб.
У час Першай сусветнай вайны медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта быў эвакуіраваны ў г. Растоў-на-Доне[5]. Падчас эвакуацыі ў 1915 годзе была створана кафедра і клініка «акушэрства і жаночых хвароб», якую ўзначаліў А. Сіцынскі. Гэтая клініка стала пачаткам узнікнення Растоўскай школы акушэраў-гінеколагаў[5].
Працы па пытаннях акушэрства і гінекалогіі.