Аляксандр Віктаравіч Шарапа (нар. 26 студзеня 1938, Ходараўцы, Лідскі павет, Навагрудскае ваяводства, сёння ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці) — доктар гістарычных навук, першы загадчык кафедры міжнародных адносін, з’яўляўся першым дэканам факультэта міжнародных адносін БДУ (1995—2008).
Нарадзіўся 26 студзеня 1938 года ў сям’і селяніна. У 1955 годзе скончыў Жалудоцкую сярэднюю школу. У тым жа годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута ім. А. М. Горкага. У 1960 годзе скончыў навучанне і прыступіў да працы ў якасці настаўніка Вілейскай сярэдняй школы-інтэрната. З 1961 па 1971 год працаваў у камсамольскіх і партыйных органах, займаў розныя пасады раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 1973—1976 гадах вучыўся ў аспірантуры Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК САПГ[ru] у Берліне, дзе займаўся даследаваннем кадравай палітыкі партыі. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1982 годзе, будучы сакратаром парткама Мінскай вышэйшай партыйнай школы, быў рэкамендаваны на пасаду прарэктара па міжнародных сувязях БДУ. У 1988 абараніў доктарскую дысертацыю па германістыцы і стаў першым беларускім савецкім гісторыкам, які атрымаў званне прафесара за мяжой. У 1992 годзе па яго ініцыятыве была створана кафедра міжнародных адносін на гістарычным факультэце ўніверсітэта. З верасня 1992 года ўзначаліў кафедру міжнародных адносін. Пасля адкрыцця ў 1995 годзе ў БДУ факультэта міжнародных адносін, ён стаў яго першым дэканам. У 1995—2008 гадах з’яўляўся дэканам факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аляксандр Віктаравіч спецыялізуецца на вывучэнні глабальных тэндэнцый сусветнага развіцця, актуальных праблем беларуска-расійскай інтэграцыі, унутранай і знешняй палітыкі ФРГ. Неаднаразова працаваў у якасці запрошанага прафесара ў замежных універсітэтах. Член Вучонага Савета БДУ, рэдкалегіі «Весніка БДУ» і рэдакцыйнага савета «Часопіса міжнароднага права і міжнародных адносін».
Аўтар больш за ста навуковых публікацый, у тым ліку трох манаграфій, шэрагу навучальных дапаможнікаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго асобныя навуковыя працы перакладаліся на нямецкую мову і былі выдадзены ў ФРГ і Аўстрыі.