Аляксандр (Саша) Васілевіч (нар. 14 верасня 1974 г.) — беларускі бізнесмен, грамадскі дзеяч, палітычны зняволены.
Васілевіч з’яўляецца сузаснавальнікам вядомых анлайн-выданняў «kyky.org» і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнікам агенцтва Vondel/Hepta і былым уладальнікам прасторы Галерэя Ў[1][2][3].
28 ліпеня 2020 года быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў будынку КДБ, куды ён разам з іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб змене меры стрымання кандыдату ў прэзідэнты Віктару Бабарыку. Прыцягнуты судом Фрунзенскага раёна г. Мінска да арышту тэрмінам на 14 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным сходзе[4][5].
28 жніўня 2020 года затрыманы прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследванняў Камітэта дзяржкантролю. Перад гэтым у яго кватэры, офісе і кампаніях, якімі ён кіраваў, адбыліся ператрусы. Сайт «The Village Беларусь» быў заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі.
4 верасня 2020 года Васілевічу было прад’яўлена абвінавачанне паводле Крымінальнага кодэкса. Прычына невядомая з-за падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства. Тым не менш, некаторыя СМІ паведамлялі, што Васілевіч абвінавачваецца ва ўхіленні ад аплаты падаткаў[6].
7 верасня 2020 года Васілевіч быў прызнаны палітычным зняволеным адзінаццаццю арганізацыямі, сярод якіх праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр.
10 кастрычніка 2020 года Васілевіч прысутнічаў у СІЗА КДБ падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з арыштаванымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штаба апазіцыі[7][8].
Утрымліваецца ў СІЗА-1 у Мінску[9].
Жанаты з Надзеяй Зелянковай. Мае двух дачок. Малодшая, Уршуля, нарадзілася падчас арышту. У сувязі з пераследам Васілевіча сям’я была вымушана з’ехаць за мяжу[9][10].