Аляксандар Мо́йзес (славацк.: Alexander Moyzes; 4 верасня 1906, Клостэр-Кюхарн, Аўстра-Венгрыя, цяпер Клаштар пад Зньевам[sk], Славакія — 20 лістапада 1984, Браціслава, Чэхаславакія, цяпер Славакія) — славацкі арганіст, дырыжор, кампазітар і педагог.
Нарадзіўся ў сям’і кампазітара і педагога Мікулаша Мойзеса (славацк.: Mikuláš Moyzes; 1872—1944). Скончыў Браціслаўскую кансерваторыю. У 1925—1929 гадах вучыўся ў Пражскай кансерваторыі ў Рудальфа Карала[cs], Отакара Шына[cs] (кампазіцыя), Отакара Острчыла (дырыжаванне). У 1928-1930 удасканальваўся ў Віцезслава Новака. З 1929 года выкладаў у Вышэйшай школе выканальніцкага мастацтва ў Браціславе, з 1949 года — прафесар, у 1965—1971 гадах — рэктар. У 1937—1948 працаваў галоўным музычным рэдактарам Браціслаўскага радыё. У 1969—1970 гадах — старшыня Саюза славацкіх кампазітараў. Выступаў у друку як музычны крытык. Займаўся апрацоўкай славацкіх народных песень; пісаў музыку для тэатра і кіно.