wd wp Пошук:

Алесь Рылько

Алесь (Аляксей Іванавіч) Рылько (27 сакавіка 1923, в. Рыдамля, Талачынскі раён, Віцебская вобласць — 16 красавіка 1967; Псеўданімы і крыптанімы: Аляксей Добры, А. Дрыль, Ал. Дрыль, Алесь Дрыль, Л. Дрыль, Алесь Кандыба, Кандыдат навук бытавога абслугоўвання, В. Крыжэня, Прымус Чапяльніцкі, Алесь Рыль, Л. Халіцкі, А. Яленец, Ал. Яленец, Л. Яленец, Ал. Ялень) — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Член СП Беларусі (з 1952).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў 9 класаў школы ў Радамлі (1939), педагагічныя курсы ў Оршы (1939). Працаваў загадчыкам Лявонаўскай пачатковай школы на Аршаншчыне, адначасова завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце (1939—1941). У першы год Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1941 — жнівень 1942) А. Рылько жыў у бацькоў, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1942—1944 — разведчык у партызанскім атрадзе «Перамога» брыгады К. Заслонава, потым мінёр спецгрупы «Непераможныя». Быў паранены. Узнагароджаны медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага аблспорттаварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне (1944—1946). У 1946 паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1951 годзе. Працаваў у газеце «Савецкі селянін» (1947—1948), «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення СП БССР (1952—1967). Загінуў ад няшчаснага выпадку.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1946 годзе. Першае апавяданне «Сама зразумела» змешчана ў часопісе «Вожык». Аўтар кніг апавяданняў «Мае сустрэчы» (1952), «Цвіце чаромха» (апавяданні, п’есы, 1957), «Стуканок у аблавушцы» (гумарыстычныя апавяданні, 1959), «Ты прыгожая, Арынка» (апавяданні, нарысы, 1960), «Напрадвесні» (выбранае, 1984), аповесці для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959, 1983), аднаактовай п’еса «Гром з яснага неба» (1953), «Колькі вяровачку не віць…» (аднаактовая камедыя і сцэнкі, 1958). У 1969 г. выйшла «Выбранае».Смерць перапыніла працу над раманам «Срэбныя росы». Творы А. Рылько перакладзены на балгарскую, польскую, рускую (Ю. Багушэвічам), чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько — лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці. Для творчасці характэрны ярка выяўленыя гумарыстычна-сатырычныя элементы, каларытная, па-народнаму дасціпная мова, увага да трапнай дэталі, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Драматургі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Драматургі СССР
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Талачынскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 1967 годзе
Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Публіцысты СССР
Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1923 годзе
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Драматургі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Пісьменнікі СССР
Катэгорыя·Памерлі 16 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак