wd wp Пошук:

Аксіялогія

Аксіялогія (ад стар.-грэч.: ἀξία — каштоўнасць, і грэч.: λόγος — вучэнне) — вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці, аб структуры каштоўнаснага свету. Аксіялогія, як філасофская дысцыпліна, даследуе катэгорыю «каштоўнасць», характарыстыкі, структуры і іерархіі каштоўнаснага свету, спосабы яго пазнання і яго анталагічны статус, а таксама прыроду і спецыфіку каштоўнасных меркаванняў.

Пытанні аксіялогіі пачалі асэнсоўвацца яшчэ ў антычным свеце (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.) і распрацоўваліся на працягу ўсёй гісторыі сусветнай філасофскай думкі (П. Абеляр, В. Віндэльбад, Г. Рыкерт, М. Шэлер, М. Вебер і інш.). Прадмет аксіялогіі — гістарычна абумоўленыя этычныя, эстэтычныя і іншыя каштоўнасці ў іх узаемасувязі і ў адносінах да сацыякультурнай сферы і структуры асобы. Базавай для аксіялогіі з’яўляецца праблема абгрунтавання магчымасці існавання каштоўнасцей у структуры быцця і іх сувязі з прадметнай рэальнасцю.

У культуралагічнай навуцы аксіялагічная праблематыка займае істотнае месца ў сувязі з шырока распаўсюджанай трактоўкай культуры як сукупнасці ўсіх каштоўнасцей, створаных чалавецтвам, а таксама з актуальнасцю, практычнай важнасцю праблемы ідэалаў (як абагульненых уяўленняў аб дасканаласці ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства). Аксіялагічны аналіз лічыцца важнай састаўной часткай пры вывучэнні працэсаў інкультурацыі, звязаных з засваеннем чалавекам сістэмы культурных норм і каштоўнасцей.

Распрацоўкай разнастайных пытанняў, звязаных з аксіялогіяй, займаюцца пераважна прадстаўнікі структурна-функцыянальнага падыходу. Перыяды грамадскіх, духоўна-культурных крызісаў павышаюць увагу да асэнсавання ролі і месца каштоўнасцей у жыцці грамадства. У сярэдзіне XX ст. ўзнікла ідэя прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцей (свабода і правы чалавека, захаванне міру, пераадоленне экалагічнай і тэхнагеннай катастроф, новых пагроз чалавецтву і інш.).

Аксіялогія ўключае і вывучэнне каштоўнасных аспектаў іншых філасофскіх, а таксама асобных навуковых дысцыплін, а ў больш шырокім сэнсе — усяго спектру сацыяльнай, мастацкай і рэлігійнай практыкі, чалавечай цывілізацыі і культуры ў цэлым.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Аксіялогія