Акраве́рш — разлічаны на зрокавае ўспрыманне верш, у якім пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць якое-небудзь слова: прозвішча або імя паэта ці таго, каму верш адрасуецца, нейкае прызнанне, пажаданне, адказ на пастаўленае пытанне і г. д..
Прынцыпы акраверша ўпершыню ў беларускай і ўсёй усходнеславянскай літаратуры выкарыстаў Ф. Скарына, зашыфраваўшы ў тэкстах «Малой падарожнай кніжыцы» (Вільня, 1522) сваё аўтарства: «Делал доктор Скоринич Францискоус».
Акравершы ёсць у М. Багдановіча, У. Дубоўкі, А. Салаўя, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Часам у паэзіі сустракаюцца тэлевершы, у якіх пэўнае слова ці выраз утвараюць апошнія літары вершаваных радкоў. У мезавершах слова ці выраз шыфруюцца ў сярэдзіне вершаваных радкоў і складаюцца ці з асобных літар, што чытаюцца па вертыкалі, ці з асобных частак суседніх словаў або аднаго слова. М. Багдановіч напісаў надзвычай арыгінальны, першы ва ўсходнеславянскай паэзіі «Чацвярны акраверш», што аб’ядноўвае прыметы акраверша, тэлеверша і мезаверша:
«Ах, как умеете Вы, Анна,
Не замечать, что я влюблен*.*
Но все же шлю я Вам не стон*,*
А возглас радостный: осанна*!*
У сучаснай беларускай літаратуры ёсць прыклады спалучэння акраверша з іншымі жанрамі. Такім прыкладам міжжанравага сінтэзу з’яляецца верш Алега Грушэцкага, у якім паэту атрымалася спалучыць прынцыпы акраверша з японскім танку:
«Карыя вочы!
Ад іх не адарвацца.
Цешаць і грэюць.
Як жа шчаслівы штодня
Гэтак вось любавацца».
Калі ўзяць першы вертыкальны радок, то можна заўважыць, што ў гэтым танка-акравершы-прысвячэнні зашыфравана імя і першая літара прозвішча жонкі паэта — Каця Г. (Грушэцкая)[1].