wd wp Пошук:

Яніславіцкая культура

Яніславіцкая культураархеалагічная культура позняга мезаліту (6—5 тыс. да н.э.), помнікі якой вядомы ў басейнах Віслы, Нёмана, Прыпяці, Верхняга Дняпра (у межах Палесся) на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Культуру вылучылі ў 1960-я гады С. К. Казлоўскі і Г. Венцкоўская («віслянскі цыкл»). Назву атрымала па пахаванні Яніславіца (Польшча).

Сярод помнікаў культуры вядомы стаянкі (Гжібава Гура, Польшча) і пахаванні (Яніславіца, Гіжыцка-Перкунова, Польшча) па абраду трупапалажэння ў грунтавых ямах выцягнутай формы. Інвентар прадстаўлены прыладамі працы і ўзбраення з крэменю і косці, упрыгажэннямі (падвескі з зубоў аленя, лася, тура, дзіка). Асобныя магілы пасыпаны гематытам і афарбаваны ў чырвоны колер. Асноўныя заняткі насельніцтва культуры — паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства.

Помнікі культуры на тэрыторыі Беларусі сталі вядомы ў 2-й палове XIX ст., у розныя гады вывучалі З. Шміт, М. Федароўскі, Н. М. Гурына, В. Супрун, М. М. Чарняўскі, У. Ф. Ісаенка, У. П. Ксяндзоў, А. Г. Калечыц, В. С. Абухоўскі і інш. Вядома каля 150 месцазнаходжанняў яніславіцкай культуры ў басейнах Нёмана, Заходняга Буга і вярхоўях Прыпяці. Асобныя знаходкі таксама прадстаўлены на помніках сярэдняй і ніжняй Прыпяці, Верхняга Падняпроўя і Пасожжа. Найбольш выразныя матэрыялы атрыманы на стаянках Беліца-2, Бершты-6, Нясілавічы-1, Чарлёнка (басейн р. Нёман); Бабровічы, Кончыцы, Моталь, Майсеевічы, Церабень (Прыпяць), Красноўка 1Б, Старая Лутава (Падняпроўе), Раманавічы (на Іпуці).

Для вырабу прылад насельніцтва яніславіцкай культуры выкарыстоўвала ножападобныя рэгулярныя пласціны, атрыманыя шляхам адціскання з аднаго боку нуклеусаў аднапляцовачнай формы. Для крамянёвага інвентару характэрны вастрыі яніславіцкага тыпу і адыходы іх вытворчасці — мікраразцы. Вастрыі зроблены на праксімальных частках пласціністых нарыхтовак, маюць плоскі мікраразцовы скол і абламаную ці рэтушаваную (прамой, скошанай, вогнутай) аснову. Крамянёвы інвентар таксама прадстаўлены яніславіцкімі трохвугольнікамі, ланцэтападобнымі вастрыямі, трапецыямі, пласцінамі-ўкладышамі, скрабачамі на адшчэпах, канцавымі скрабкамі, рэтушнымі і на вугле зламанай пласціны рэзцамі, вырабамі з выемкай, праколкамі, сякерамі. Вядома таксама калекцыя вырабаў з рагоў высакароднага аленя са Смаргонскага кар’ера — сякеры, матыкі, муфты, малаткі, прылады з адтулінамі для рукаятак, асобныя прылады арнаментаваны (знаходка т.зв. «жэзла шамана»).

Генезіс яніславіцкай культуры асноўная частка даследчыкаў звязвае з колам культур Маглемазэ і ў прыватнасці культурай Свадборг. Мяркуецца, што насельніцтва культуры прымала ўдзел у фарміраванні прыпяцка-нёманскай (валынскай) культуры эпохі неаліту.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Літвы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Польшчы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Украіны
Катэгорыя·Яніславіцкая культура
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Мезаліт Еўропы