wd wp Пошук:

Язэп Дыла

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дыла. Язэп Дыла, сапраўднае імя Восіп Лявонавіч Дыла (Псеўданімы і крыптанімы: Н.Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А.Дыл; А.Дыла; Анна Дыла; Жорсткі; Л.Жорсткі; Тодар Кулеш; Т.Кулеша; Язэп; Н. Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я. Д.; Язэп Д.; Яз. Д-а; 14 (2) красавіка 1880, Слуцк — 7 красавіка 1973, Саратаў, Расія) — беларускі празаік, драматург, грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія

Язэп Дыла, 1920-я гг.

Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і паштовага служачага. Стрыечны брат яго бацькі быў апошнім слуцкім батлеечнікам. У 1890—1898 вучыўся ў Слуцкай гімназіі. З чацвертага класа ўдзельнічаў у гуртку самаасветы. У гімназійскія гады быў знаёмы з Альгердам Абуховічам.

1-я Усебеларуская нарада архівістаў. Я. Дыла сядзіць першы злева

У 1899 паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) ветэрынарны інстытут, адкуль у 1903 годзе выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1903—1904 у Мінску працаваў у газеце «Северо-Западный край». У 1905 узначальваў арганізацыйную групу Мінскага камітэта РСДРП.

У 1906—1918 у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, у першыя дні работы старшынстваваў на пасяджэннях. Пасля разгону з’езда абраны яго Радай у склад Выканкаму.

У студзені — лютым 1919 камісар працы ў Часовым урадзе БССР. Супрацьстаяў палітыцы А. Мяснікова, за што ў лютым 1919 арыштаваны і высланы з Беларусі. У 1921—1924 на розных кіраўнічых пасадах у Менску: старшыня Цэнтрасаюза спажывецкіх таварыстаў Беларускага края, старшыня Дзяржаўнай планавай камісіі БССР, намеснік старшыні па раянаванні БССР, член ЦВК БССР. З 1924 правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацоўваў статут Інбелкульта. Дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва. У красавіку 1925 года быў прызначаны дырэктарам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (БДТ-1). З кастрычніка 1926 па 1928 год — ізноў на працы ў Інбелкульце: вучоны сакратар, а таксама загадчык секцыі па вывучэнні беларускага мастацтва. Намеснік загадчыка Белдзяржкіно. З красавіка 1929 года працаваў інспектрам Галоўмастацтва Наркамасветы.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Падчас арышту інспектар наркамата асветы; 10 красавіка 1931 высланы ў Кунгур Пермскай вобласці на 5 гадоў. Потым жыў і працаваў у Саратаве. 22 жніўня 1938 зноў арыштаваны (10.3.1939 справа спынена). Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымі­нальных справах Вярхоўнага Суда БССР 15 лістапада 1957 г. Асабовая справа Дылы захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У шлюбе ад жонкі Дамінікі меў дачку Ганну.[1]

Памёр у Саратаве, не дажыў адзін тыдзень да 93 гадоў.

Творчасць

«Храбры Юрка» на ідышы. Пераклаў Хаім Мальцінскі

Першая літаратурная публікацыя Язэпа Дылы з’явілася ў 1912 годзе ў газеце «Наша ніва». Ён аўтар апавяданняў «Перад раніцою…» (1912), «Усурыйскі драпежнік» і «Спужаўся… дурненькі!», гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі» (1944—1945), аповесці «У імя дзяцей» (1968), п’есаў «Панскі гайдук» (1926), «Падуанскі студэнт» і «Юнак з Крошына» (1965).

Аўтар публіцыстычных артыкулаў «Праз мукі — да шчасця камунізму» (1918), «Беларускае жыццё ў Маскве» (1918) і «Беларуская секцыя Расійскай камуністычнай партыі» (1918). Таксама выступіў і як мемуарыст: «Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч» (1958), «Чалавек вялікага сэрца» (1960), «Светлы вобраз» (1957), «Сустрэча ў Пяцігорску» (1959), «Пра Цішку Гартнага» і «Сустрэча з Янам Райнісам».

У сваіх артыкулах па гісторыі культуры даследваў узнікненне беларускага тэатра: «Тэатральная „задума“ 1892 годзе ў Радашковічах» (1957), «Беларускія спектаклі ў перыяд рэвалюцыі 1905 года» (1957), «Першы прафесійны тэатр» (1967), «Мінская трупа „Першага таварыства беларускай драмы і камедыі“» (1920-я), «Беларускія драматычныя гурткі на Случчыне», «Раннія іскры таленту» і інш.

Выступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў — «Кастусь Каліноўскі» (1928)[2]. З красавіка 1929 года працаваў інспектрам Галоўмастацтва Наркамасветы.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Язэп Дыла
  2. Ала Бабкова, Сяргей Будкін Кінакласіка ажыла! Інтэрнэт-прэзентацыя праекту «Тузін. Немаўля» (відэа)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (23):
Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
Памерлі ў 1973 годзе
Пісьменнікі паводле алфавіта
Асобы
Нарадзіліся ў Слуцку
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Народныя камісары працы БССР
Нарадзіліся ў 1880 годзе
Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі
Старшыні Дзяржплана БССР
Члены ЦВК БССР
Члены РСДРП
Выпускнікі Слуцкай гімназіі
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Драматургі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Нарадзіліся 2 красавіка
Памерлі ў Саратаве
Беларускамоўныя пісьменнікі
Пісьменнікі Беларусі
Памерлі 7 красавіка