Хакім Абулькасім Мансур Хасан Фірдаўсі Тусі (перс.: حکیم ابوالقاسم منصور حسن فردوسی توسی, тадж. Ҳоким Абулқосим Мансур Ҳасан Фирдавси Туси; нар. 935, Тус (Іран) — 1020,Тус) — персідскі паэт, аўтар эпічнай паэмы «Шахнамэ» (Кніга цароў), яму прыпісваецца таксама паэма «Юсуф і Зулейха» (біблейска-каранічны сюжэт пра Юсуфа(руск.) бел.). Вельмі папулярны і лічыцца нацыянальным паэтам у Іране, Таджыкістане, Узбекістане і Афганістане.
Нарадзіўся паміж 932 і 936 гадамі ў ваколіцах горада туса, у Харасане ў шыіцка-ісмаіліцкай сям’і дыхкана, як тады называлі памешчыкаў-феадалаў. Можна меркаваць, што маёнткі Фірдаўсі былі невялікія і толькі з цяжкасцю кармілі іх уладальнікаў, становішча якіх у гэтыя гады няспынных войн было вельмі цяжкім[2].
Пра дзяцінства і юнацтва Фірдаўсі звестак амаль няма. Ён атрымаў добрую па тым часе адукацыю, свабодна валодаў абодвума літаратурнымі мовамі Ірана той эпохі — арабскай і персідскай, і, магчыма, нават быў знаёмы і з літаратурнай мовай дамусульманскага Ірана — пехлеві .
Фірдаўсі (яго паэтычнае імя перакладаецца як «Райскі») высока цаніў веды: «Да слоў разумных ты шукай шляхі, і свет увесь прайдзі, каб веды там знайсці». Мянушку «Хакім» («мудрэц», «вучоны») ён атрымаў за глыбіню і шырыню сваіх ведаў.
Маладосць Фірдаўсі прыпадае на перыяд гісторыі Ірана, калі мясцовая феадальная арыстакратыя пасля рада гадоў арабскага панавання вызвалілася ад прыгнёту заваёўнікаў і ў аддаленых частках халіфата зноў захапіла ўладу ў свае рукі.
Доўгі час жыў у Газні, знаходзіўся на службе ў султана Махмуда Газневідскага (якому і прысвяціў «Шахнаме»). Аднак асноўная думка паэмы аб тым, што толькі спадчынныя носьбіты царскай улады маюць на яе права, не спадабалася султану Махмуду, якога больш задавальняла правамернасць сілы, а не спадчыннасці.
Па вядомай легендзе, якая не мае дакладных пацвярджэнняў, султан адмовіўся заплаціць Фірдаўсі за паэму. Гэта моцна раззлавала паэта, і ён напісаў сатыру, у якой папракаў султана паходжаннем ад раба. У выніку, ад султанской гневу Фірдаўсі быў вымушаны бегчы з краіны і бадзяцца ў беднасці да канца жыцця[3].
Існуе паданне, паводле якога незадоўга да смерці Фірдаўсі султан Махмуд выпадкова пачуў ад аднаго прыдворнага выразны верш з «Шахнамэ», запытаўся пра аўтара і даведаўся, што верш — з прысвечанай самому Махмуду «Кнігі цароў» знакамітага Фірдаўсі, які цяпер у Тусе пражывае ў беднасці. Махмуд неадкладна распарадзіўся паслаць у Тус для Фірдаўсі багаты дар (60000 сярэбраных дырхемаў — па паведамленні Арузія; 60000 залатых чырвонцаў — па позніх паданнях). А Фірдаўсі незадоўга да гэтага памёр. У той самы час, калі праз адны гарадскія вароты выносілі для пахавання яго цела, у іншыя гарадскія вароты ўваходзілі вярблюды з дарамі ад Махмуда[4].
На магіле паэта ў 1934 годзе да тысячагоддзя з дня нараджэння быў узведзены маўзалей.
На рускую мову