Федэрацыя Босніі і Герцагавіны — дзяржаўнае ўтварэнне, якое разам з Рэспублікай Сербскай складае дзяржаву Боснія і Герцагавіна. Утворана на тэрыторыі былой Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія ў выніку Вашынгтонскага пагаднення 1994 года. У склад федэрацыі ўвайшлі тэрыторыі, якія раней кантраляваліся афіцыйнымі ўладамі Рэспублікі Боснія і Герцагавіна, а таксама ўладамі самаабвешчанай Рэспублікі Герцаг-Босна. Сталіца — Сараева. Плошча федэрацыі складае 26 076 км² (51 % агульнай тэрыторыі Босніі і Герцагавіны). На вызначанай тэрыторыі пражываюць 2,4 млн чалавек. Грашовай адзінкай з’яўляецца канвертоўная марка.
У склад федэрацыі ўваходзяць дзесяць кантонаў, у кожным з якіх пераважае баснійская ці харвацкая этнічная большасць.
Мае межы на захадзе і поўначы з Харватыяй, на поўначы і ўсходзе — з Рэспублікай Сербскай. Таксама мае невялікі выхад да Адрыятычнага мора — каля 24,5 км берагавой лініі.
Тэмы гэтай старонкі (3):