wd wp Пошук:

Мікалай Васілевіч Тарасюк

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Тарасюк. Мікала́й Васі́левіч Тарасю́к (22 мая 1932, в. Стойлы, цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці — 15 студзеня 2015) — беларускі разьбяр, музычны майстар. Народны майстар Рэспублікі Беларусь (1989).

Жыццяпіс

Нарадзіўся 22 мая 1932 года (паводле іншых звестак — 8 мая[1]) ў вёсцы Стойлы (цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці). Пачаў працаваць з васьмігадовага ўзросту, пасвячы каровы. Бацька з маці мелі добры надзел зямлі, чатыры каровы, двое коней, конную малацілку, рыбацкія снасці. Пасля далучэння Заходняе Беларусі да БССР і сканчэння 2-й сусветнай вайны ўся маёмасць перайшла ў калгас[2].

Пасля вайны Мікалай пайшоў у другі клас пачатковай школы. Скончыўшы чатырохгодку, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасля працаваў у калгасе. Аднак, застудзіўшыся на калгаснай сенажаці, прахварэў 16 гадоў, атрымаў інваліднасць. У 1953 годзе павянчаўся з Надзеяй Максімчык родам з-пад Кобрына[3]. З ёй мелі сына (памёр у маладым узросце) і двух дачок. Жонка памерла ў 2006 годзе.

У 2007 годзе памерла апошняя суседка Мікалая Тарасюка, і ён некаторы час з’яўляўся адзіным жыхаром роднай вёскі[2]. Жыў у бацькоўскай хаце, трымаў хатнюю скаціну, птушак, сабак і катоў. У падоранай яму кватэры ў Пружанах жыла яго дачка.

Творчасць

Музей «Успаміны Бацькаўшчыны»

Разьбой па дрэве і пляценнем з лазы захапіўся з дзяцінства. Выразаць цацкі з дрэва пачаў для гульняў уласным дзеткам, лічачы гэта не больш, чым забавай. Аднак у пачатку 80-х гадоў XX стагоддзя зноў звярнуўся да былога занятку. Пачаў выкарыстоўваць таксама фарбу, салому, каляровыя балахоны з абрэзкаў тканіны. Спрабаваў выставіць свае творы ў Пружанах, Камянцы. Аднак найбольшай вядомасці Мікалай Тарасюк здолеў дасягнуць падчас правядзення Усесаюзнага фестываля народнай творчасці ў 1987 годзе. За выстаўку ў Маскве атрымаў Залаты медаль ВДНГ і медаль лаўрэата фестывалю, пасля чаго пачаліся персанальныя выстаўкі.

Беларускай сялянскай працы прысвечаныя цэлыя кампазіцыі з дрэва, лазы і саломкі: «Сялянскі дворык», «Апрацоўка ільну», «Жорны», «Збор ураджая», «Жніво», «Мыццё бялізны», «Кросны» і іншыя. Кампазіцыі, прысвечаныя народным абрадам беларусаў: «Вяселле», «Каляды», «Вячоркі», «Хаўтуры» ды інш. Мае таксама творы, прысвечаныя цяжкаму эканамічнаму становішчу сялян пад рознымі ўладамі. Стварэнне твораў пачынае з прыдумвання назвы-подпісу, пасля чаго выразае да яго кампазіцыю[4].

Творчасць Мікалая Тарасюка

Праз пэўны час колькасць экспанатаў вырасла настолькі, што месца ў хаце ўжо не хапала. У 1994 годзе[5] Мікалай пабудаваў побач асобную хатку для экспанатаў, назваўшы яе музеем «Успаміны Бацькаўшчыны». Музей, аналагаў якому няма ў Беларусі, змяшчае каля 300 аўтарскіх работ. Творы майстра экспануюцца ў адной з залаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык», у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, Брэсцкім краязнаўчым музеі[6], Мотальскім музеі народнай творчасці і за межамі Беларусі.

Мікалай Тарасюк таксама займаецца майстраваннем музычных інструментаў: дудак, губных гармонікаў.

У 2008 годзе выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка», які стаў першым выданнем падобнага кшталту ў Беларусі пра творчасць народнага майстра[7]. А яго творчасць атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь[8].

У Польшчы пра Мікалая Тарасюка зняты фільм «Гаспадар»[9].

Шведскі часопіс «Hemslöjden(шведск.) бел.» (па-беларуску: «Рамяство») у адным са сваіх нумароў пяць старонак прысвяціў творчасці Мікалая Тарасюка[7].

Беларуская мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская так ахарактарызавала творчасць майстра:

Як Пірасмані — сапраўдны брэнд Грузіі, Тарасюк — сапраўдны брэнд Беларусі.
Вольга Лабачэўская
«Вечерний Брест». У сталічным музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Мікалая Тарасюка
.

Прэміі і ўзнагароды

Ганаровая грамата за ўдзел у абласной выставе народнай творчасці «Фарбы зямлі палескай». Брэст, 2005

Народны майстар Рэспублікі Беларусь (1989) па драўлянай скульптуры.

Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987)[10], спецыяльнай прэміі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» ў намінацыі «Народная творчасць» (2002).

Зноскі

  1. За мяжу – з драўлянымі аднавяскоўцамі (нявызн.). Новости Беларуси (16 мая 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2013. Праверана 13 студзеня 2017.
  2. 1 2 Святлана Яскевіч Успаміны Бацькаўшчыны майстра са Стойлаў (нявызн.). Звязда (12 лістапада 2008). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2012. Праверана 13 студзеня 2017.
  3. Дарафей Фіёнік Мiкалая Тарасюка ўспамiны Бацькаўшчыны (нявызн.). Самі пра сябе (20 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2013. Праверана 13 студзеня 2017.
  4. Бровач, Оксана Жизненная философия Николая Тарасюка: «Все, что я вижу оком, — все мое!» // Брестская газета. — 5 — 12 октября 2012. — № 40 (512).
  5. Ю. В. Колток «Деревянный народ» Тарасюка(руск.) . Сайт юных спасателей-пожарных еврорегиона «Буг». Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2013. Праверана 13 студзеня 2017.
  6. Тамара Цібароўская Долгая дорога в Стойлы: чем сегодня живёт «деревянный мир» народного мастера Николая Тарасюка?(руск.)  (17 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2012. Праверана 13 студзеня 2017.
  7. 1 2 Ларыса Быцко. Святло драўлянага свету // Вечерний Брест. — 8 мая 2012.
  8. Дадатак 2 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.08.2009 № 1088 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, змяненні катэгорый, пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў у пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 i ад 3 верасня 2008 г. № 1288»(руск.)  (недаступная спасылка). Банк законов. Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2017. Праверана 13 студзеня 2017.
  9. Людміла Бунеева За мяжу — з драўлянымі аднавяскоўцамі (нявызн.) (недаступная спасылка). Вечерний Брест (14 мая 2010). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2017. Праверана 13 студзеня 2017.
  10. Василий Матвеев Пружанский мастер создал коллекцию из 30 тысяч резных человечков(руск.) . Виртуальный Брест (23 мая 2010). Праверана 13 студзеня 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1932 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 мая
Катэгорыя·Разьбяры Беларусі
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Народныя майстры Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў Пружанскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 2015 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 15 студзеня
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне»
Катэгорыя·Узнагароджаныя залатым медалём ВДНГ